Бабчэнка: Пуцін прыняў рашэнне аб нападзе на краіны Балтыі
8- 11.03.2026, 17:17
- 9,016
Пяць пацверджанняў.
Вядомы журналіст Аркадзь Бабчэнка лічыць, што Пуцін прыняў рашэнне аб нападзе на краіны Балтыі. Пра гэта ён піша ў «Фэйсбуку», прыводзячы пяць аргументаў:
— Раз. Расія пашырае вайсковыя падраздзяленні на мяжы з НАТА, надаючы ім баявы досвед ва Украіне, заяўляе літоўская выведка ў сваёй штогадовай ацэнцы пагрозаў бяспекі. Уздоўж усёй мяжы з НАТА брыгады павялічваюць да дывізій, фармуюцца новыя вайсковыя злучэнні. Паводле дадзеных выведкі, большая частка нанава сфармаваных падраздзяленняў расійскіх узброеных сіл укамплектаваная не цалкам і ствараецца паэтапна, бо не стае асабовага складу, баявой тэхнікі і інфраструктуры. Нанова сфармаваныя падраздзяленні і прызначаная для іх тэхніка не застаюцца ў месцах пастаяннай дыслакацыі, а накіроўваюцца ўдзельнічаць у баявых дзеяннях супраць Украіны.
Да гэтага, нагадаю, даклады выведак Літвы і Эстоніі сцвярджалі, што Расія не мае намеру пачынаць баявыя дзеянні ў Балтыйскім рэгіёне ў 2026-м і, магчыма, у 2027 годзе, а для поўнага аднаўлення арміі і падрыхтоўкі яе да канфлікту з НАТА ёй спатрэбіцца каля шасці гадоў — пасля чаго расійская армія стане мацнейшай на 30–50% і больш сучаснай — але гэта для паўнамаштабнага канфлікту і з усім НАТА.
Для таго ж, каб трымаць у страху «шахедамі» або арганізаваць нешта кшталту Нарвскай народнай рэспублікі, ёй гэтыя тэрміны не патрэбныя.
Два. У сацыяльных сетках распаўсюджваецца ідэя стварэння сепаратысцкай «Нарвскай народнай рэспублікі». На працягу апошняга месяца ў Telegram, VKontakte і TikTok распаўсюджваюцца каналы пад назвай «Нарвская Народная Рэспубліка», якія распаўсюджваюць ідэі аддзялення Нарвы і Іда-Вірумаа ад Эстоніі і стварэння так званай «Нарвскай народнай рэспублікі». Апісанне каналаў сфармулявана даволі прама: «ЧакаемРасію. Навіны самай цудоўнай дзяржавы на Зямлі».
Тры. Паглядзі фотачку.
Чатыры. Міністэрства абароны Расіі падрыхтавала законапраект, які дазваляе «экстратэрытарыяльнае выкарыстанне фармаванняў Узброеных Сіл РФ для абароны грамадзян Расійскай Федэрацыі». Дакумент, як піша расійскае інфармагенцтва «Інтэрфакс» са спасылкай на крыніцу, ухвалены ўрадавой камісіяй для ўнясення на разгляд Дзяржаўнай думы.
Гэта — самая галоўная навіна. Нагадаю, што дакладна так ужо было двойчы. Першы раз — 1 сакавіка 2014 года, калі Савет Федэрацыі дазволіў выкарыстанне войскаў у Крыме.
Другі раз — 22 лютага 2022-га — калі было ўхвалена выкарыстанне Узброеных Сіл РФ за мяжой.
І ўжо праз два дні пачалося ўварванне.
Пяць. Масіраваныя ўдары па Украіне практычна спыніліся. Як па буйных гарадах, так і ўздоўж лініі фронту. У прыватных размовах мае рэспандэнты адзначаюць шматкроцкае зніжэнне колькасці «шахедаў». Калі раней яны ляцелі проста бесперапынна, то цяпер ужо цалкам можна спаць начамі.
Гэта ўскосна можа сведчыць пра тое, што Расія назапашвае сродкі для ўдару на іншым тэатры баявых дзеянняў.
Выснова. Відавочна, Пуцін лічыць вайну ў Заліве сваім раптоўна адкрытым акном магчымасцяў. Увесь свет цяпер прыкаваны да Ірана, лішкаў зброі няма, Трампу не да яе, нафта зноў пайшла ўгору. Проста падарунак з нябёсаў.
Мая думка — я лічу, што прынцыпова рашэнне аб нападзе на краіны Балтыі прынята, і экстратэрытарыяльнае выкарыстанне Узброеных Сіл РФ для абароны грамадзян РФ — гэта прамое таму пацвярджэнне. Ніякая Дзярждума ніякіх законапраектаў ад сябе не высуне, калі гэта ўжо не з’яўляецца прынятым рашэннем. Тым больш, калі ініцыятарам з’яўляецца міністэрства абароны. Дакладней — нападзенне, якая там у іх абарона.
І цяпер — вось проста ў гэты момант — яны сядзяць і вырашаюць: момант ужо настаў ці яшчэ не.
Эстонцы, бог з ім, з мастом ужо. Што ў нас там з усеагульнай мабілізацыяй? Сістэма працуе? Мне падаецца, у нас засталося не так і шмат часу. Чатыры гады ўжо прафукалі.