Defense Express: Расійскі завод «Кремний Эл» знішчаны
13- 11.03.2026, 16:35
- 9,362
Бліскучы ўдар ЗСУ.
Расійскі завод па вытворчасці мікраэлектронікі «Кремний Эл» у Бранску пасля маштабнай атакі крылатымі ракетамі Storm Shadow 10 сакавіка можна лічыць знішчаным, а не проста пашкоджаным. Нават частковае аднаўленне тэхналагічных працэсаў зойме гады, паведамляе Defense Express у сераду, 11 сакавіка.
Паводле OSINT-аналізу, у галоўнае вытворчае памяшканне завода памерам прыблізна 140 на 140 метраў трапілі пяць крылатых ракет. Баявая частка Storm Shadow тыпу BROACH масай 450 кг спачатку прабівае першую перашкоду з дапамогай кумулятыўнага зарада, а затым асноўны боепрыпас выбухае ўжо ўнутры памяшкання.
Такая атака, верагодна, знішчыла вытворчы працэс на заводзе «Кремний Эл», дзе выкарыстоўвалася гіперчуллівае абсталяванне. Defense Express тлумачыць, што найбольш высокатэхналагічная вытворчасць ажыццяўляецца з выкананнем звышстрогіх нормаў нават адносна чысціні паветра і ўтрымання пылу. Працэс адбываецца ў спецыяльных боксах з зададзеным мікракліматам і патрабаваннем да канцэнтрацыі пылу 1 часціца на 1 літр паветра.
На прадпрыемстве працавала дарагое і рэдкае абсталяванне. У прыватнасці, у 2010-х гадах на заводзе ўсталявалі літаграфічны інструмент MLA 150 Maskless Aligner ад нямецкай Heidelberg Instruments прыблізным коштам больш за 300 тысяч долараў.
Значная частка працэсаў па выпуску састарэлай элементнай базы ўзроўню 1980-х гадоў ажыццяўлялася на адпаведным савецкім абсталяванні. І хоць яно значна менш адчувальнае да ўтрымання пылу, верагоднасць яго аднаўлення і рамонту мінімальная з-за састарэласці і закрыцця заводаў-вытворцаў, піша Defense Express.