Лукашэнка загадаў пасаліць зямлю
32- 10.03.2026, 19:04
- 9,500
Дыктатар падзяліўся новай «ідэяй».
Аляксандр Лукашэнка прапанаваў выкарыстоўваць сумесь адходаў вытворчасці калійных соляў і торфу для ўгнаення пясчаных глеб. Ідэю ён выказаў 10 сакавіка на нарадзе па пытаннях бягучай дзейнасці Нацыянальнага банка, паведамляе прэс-служба ўзурпатара.
Лукашэнка сказаў, што цяпер назірае за палямі. Паводле яго слоў, ёсць праблема з месцамі на пагорках каля Дзяржынскай птушкафабрыкі — «там проста пясчаная глеба».
«Чаму мы не змешваем арганіку з торфам і хаця б на 20 сантыметраў не перамяшаем? Зусім іншая ўрадлівасць глебы. Гэта акупіцца», — разважаў дыктатар.
Далей ён казаў пра тое, што беларускі торф купляюць у Кітаі — яго «вязуць туды за тысячы кіламетраў і разумеюць, што гэта акупіцца».
«Я нават падумаў пра тое: а што, калі ўзяць пласт адходаў ад калійных соляў, пласт пакласці арганікі, пласт торфу, усё гэта змяшаць? І што атрымаецца? Напэўна, горш не будзе — там жа ўсё-ткі частка калійных угнаенняў застаецца. Запахаць іх, а следам унесці торф і арганічныя ўгнаенні.
Вось трэба паглядзець, узяць якое-небудзь беднае поле, бедную глебу — а ў нас іх, і ў мяне пад носам, хапае — і паспрабаваць на нейкім участку. Гэта ж не праблема. А можа, мы вырашым праблему з гэтымі адваламі, якія ў цябе там у губерніі былі вакол Салігорска?», — звярнуўся Лукашэнка да прэм’ер-міністра Аляксандра Турчына, які раней быў кіраўніком Мінаблвыканкама.
Фактычна Лукашэнка хоча пасаліць зямлю, бо адходы ад вытворчасці калійных угнаенняў (галітавы адвал) — гэта ў асноўным (больш за 95%) паваранная соль. Ёй зямлю не ўгнойваюць.
Праўда, можна ўзгадаць, што не першы год на адным з рудоупраўленняў «Беларуськалія» выпускаюць «гліністы мінералізаваны прадукт» — перапрацаваныя (абяссоленыя) адходы калійнай вытворчасці. Па складзе гэта блізка да гліністых глеб. Але выкарыстоўваць такі прадукт прапануецца як «падсцілку» пад звалкі або для ўладкавання супрацьпажарных разрываў, а не як угнаенне, адзначае «Зеркало».
«Трэба паэксперыментаваць, заняцца гэтым. Пласт гэтых калійных глеб, якія ўтрымліваюць нямала мінеральных угнаенняў, арганікі, торфу — усё гэта змешваецца на пясчаных глебах. Ну тое, што гэта будзе… паляпшэнне будзе для глеб. Але наколькі гэта эканамічна абгрунтавана — трэба паэксперыментаваць. Я гатовы таксама паназіраць», — дадаў Лукашэнка.