У ЕС заклікалі тэрмінова шукаць альтэрнатыву Visa і Mastercard
6- 9.02.2026, 21:38
- 2,962
Еўрапейскі саюз мае намер скараціць залежнасць ад амерыканскіх плацежных сістэм.
ЕС неабходна ў тэрміновым парадку скараціць залежнасць ад амерыканскіх плацежных сістэм Visa і Mastercard, заявіла кіраўніца аднаго з ключавых банкаўскіх аб’яднанняў Марціна Ваймерт. На яе думку, дамінаванне ЗША ў сферы плацяжоў можа быць выкарыстана як інструмент ціску ў выпадку сур’ёзнага пагаршэння адносін, перадае Financial Times.
«Мы ў высокай ступені залежым ад міжнародных плацежных рашэнняў», — заявіла генеральная дырэктарка Еўрапейскай плацежнай ініцыятывы (European Payments Initiative, EPI) Марціна Ваймерт. Кансорцыум, які яна ўзначальвае, аб’ядноўвае 16 еўрапейскіх банкаў і фінансавых кампаній.
Паводле фінансісткі, у Еўропе існуюць «някепскія нацыянальныя актывы», уключаючы ўнутраныя плацежныя сістэмы, аднак адсутнічае па-сапраўднаму трансгранічнае рашэнне, якое ахоплівае адразу некалькі краін.
«Калі мы кажам, што незалежнасць крытычна важная, а ўсе разумеюць, што гэта пытанне часу, значыць, дзейнічаць трэба тэрмінова», — падкрэсліла Ваймерт.
Паводле даных Еўрапейскага цэнтральнага банка, у 2022 годзе Visa і Mastercard забяспечвалі амаль дзве трэці ўсіх карткавых транзакцый у Еўразоне. Пры гэтым у 13 краінах — членках Еўразоны наогул няма нацыянальных альтэрнатыў амерыканскім плацежным сістэмам. Нават там, дзе ўласныя схемы пакуль існуюць, іх выкарыстанне паступова скарачаецца.
На фоне змяншэння долі наяўных разлікаў чыноўнікі ў ЕС усё больш занепакоеныя тым, што ўплыў амерыканскіх плацежных сістэм можа ператварыцца ў зброю, то-бок быць выкарыстаны як палітычны або эканамічны рычаг у выпадку сур’ёзнага канфлікту паміж ЕС і ЗША.
Еўрапейская плацежная ініцыятыва, у якую, у прыватнасці, уваходзяць BNP Paribas і Deutsche Bank, у 2024 годзе запусціла ўласную альтэрнатыву Apple Pay пад назвай Wero. Гэтая лічбавая плацежная сістэма, паводле EPI, ужо налічвае каля 48,5 млн карыстальнікаў у Бельгіі, Францыі і Германіі. У планах — пашырэнне ахопу на анлайн-плацяжы і аплату ў крамах да 2027 года.
Па словах Ваймерт, банкі і гандлёвыя кампаніі ў цэлым усведамляюць неабходнасць стварэння агульнаеўрапейскай трансгранічнай плацежнай сеткі, аднак менавіта цяперашняя геапалітычная сітуацыя зрабіла гэтую тэму сапраўды «мэйнстрымнай».
У Еўрапейскім цэнтральным банку прызнаюць, што папярэднія ініцыятывы прыватнага сектара, уключаючы раннія спробы EPI стварыць плацежную сістэму, якая канкуруе з ЗША, паказалі, наколькі складана маштабаваць падобныя праекты. Прадстаўнік ЕЦБ адзначыў, што ўдзельнікам рынку цяжка дамовіцца аб адзіных стандартах.
На гэтым фоне ЕЦБ прасоўвае праект лічбавага еўра — дзяржаўную ініцыятыву, прызваную забяспечыць магчымасць безнаяўных плацяжоў па ўсёй Еўразоне і ўмацаваць грашовы суверэнітэт ЕС. Праўда, ён выклікае сур’ёзныя спрэчкі сярод еўрапейскіх палітыкаў — некаторыя банкі актыўна лабіруюць супраць яго, сцвярджаючы, што ён можа падарваць намаганні прыватнага сектара.
Згодна з планамі ЕЦБ, да 2029 года гандлёвыя кропкі ў Еўразоне будуць абавязаныя прымаць лічбавы еўра як афлайн, так і анлайн, калі рэгулятар пачне яго эмісію.
Кіраўніца эканамічнага камітэта Еўрапарламента Аврора Лалюк заявіла, што лічбавы еўра можа стаць фундаментам, на аснове якога з цягам часу магчыма стварэнне аналага «еўрапейскага Visa або Mastercard».
Аднак Марціна Ваймерт папярэджвае, што ва ўмовах пагаршэння геапалітычнай абстаноўкі лічбавы еўра можа з’явіцца занадта позна:
«Праблема лічбавага еўра ў тым, што ён з’явіцца праз пару гадоў — магчыма, ужо пасля заканчэння мандату прэзідэнта ЗША Дональда Трампа. Мне падаецца, мы трохі не паспяваем па часе», — падсумавала яна.