Ва Украіне расследуюць справу былога дэпутата, які перад самай вайной збег у Беларусь
3- 9.02.2026, 20:29
- 3,210
Фота: Радыё Свабода
Ён пакінуў Украіну за тыдзень да пачатку расійскага ўварвання.
Ва Украіне пачалі завочнае дасудовае расследаванне ў дачыненні да былога дэпутата Вярхоўнай Рады Алега Валошына. Адпаведны дазвол выдаў суд. Валошын пакінуў Украіну за тыдзень да пачатку расійскага ўварвання ў 2022 годзе і з'ехаў у Беларусь, піша «Радыё Свабода».
Як вынікае з матэрыялаў, якімі валодае «Радыё Свабода», крымінальную справу супраць Валошына завялі яшчэ напрыканцы студзеня 2022 года. Першапачаткова экс-дэпутату інкрымінвалі дзяржаўную здраду, за што прадугледжана пакаранне ў выглядзе працяглага пазбаўлення волі з магчымай канфіскацыяй маёмасці.
У снежні 2025 года да абвінавачання дадалі яшчэ адзін артыкул — непрадстаўленне дэкларацыі асобай, якая выконвае дзяржаўныя функцыі. Гэтае парушэнне можа карацца буйным штрафам, абмежаваннем волі або кароткатэрміновым зняволеннем з забаронай займаць пасады.
Сярод доказаў па справе — відэаматэрыялы з прапагандысцкай праграмы «САСС уполномочен заявить», якая выходзіла на беларускім дзяржаўным тэлеканале СТВ да чэрвеня 2025 года. Праграму вяла жонка Валошына — Надзея Сасс. Следства аналізавала выпускі за перыяд з снежня 2022-га да лютага 2023 года.
Паводле высноваў экспертызы, у выказваннях Алега Валошына ўтрымліваліся элементы прапаганды, якія сведчаць пра падтрымку дзеянняў ваенна-палітычнага кіраўніцтва Расіі падчас агрэсіі супраць Украіны. Такія заявы, на думку спецыялістаў, маглі фармаваць антыўрадавыя настроі ва ўкраінскім грамадстве і наносіць шкоду суверэнітэту, тэрытарыяльнай цэласнасці і інфармацыйнай бяспецы краіны.
Следства таксама сцвярджае, што 13 лютага 2022 года Валошын выехаў у Беларусь, а ў дні, калі ў Расіі прымалася рашэнне аб уварванні ва Украіну, знаходзіўся на тэрыторыі РФ.
Раней Алег Валошын працаваў прэс-сакратаром Міністэрства замежных спраў Украіны ў часы прэзідэнцтва Віктара Януковіча, а пасля змены ўлады ўзначальваў міжнародны аддзел тэлеканала «112-Украіна». Ягоная жонка таксама працавала на медыярэсурсах, якія звязвалі з Віктарам Медведчуком — кумам Уладзіміра Пуціна.