Politico: Лідары ЕС абмяркуюць, як зрабіць Еўропу моцным гульцом
- 9.02.2026, 19:27
Яны рыхтуюцца да «насычанага тыдня».
Лідары ЕС рыхтуюцца да «насычанага тыдня», на працягу якога еўрапейскія лідары абмяркуюць «найскладанейшыя пытанні» і будуць вызначаць, як зрабіць Еўропу «магутным глабальным гульцом» у свеце, які становіцца «ўсё больш бязлітасным». Пра гэта піша еўрапейскае выданне Politico.
Выданне адзначае, што на тыдні з 9 па 15 лютага лідары будуць абмяркоўваць павышэнне эканамічнай канкурэнтаздольнасці ЕС, зніжэнне залежнасці ад ЗША і дапамогу Украіне. Паводле слоў былога прэм’ер-міністра Італіі Энрыка Леты, найбліжэйшыя дні пакажуць, ці зможа Еўропа «пераламаць сітуацыю і стаць па-сапраўднаму адзінай, цалкам сталай і незалежнай».
А менавіта ў сераду, 11 лютага, адбудзецца сустрэча міністраў абароны краін ЕС, прысвечаная падтрымцы Украіны. На чацвер, 12 лютага, запланаваны саміт ЕС, дзе лідары будуць абмяркоўваць эканамічныя пытанні і вырашаць лёс гандлёвай дамовы з ЗША. А ў пятніцу, 13 лютага, стартуе Мюнхенская канферэнцыя па бяспецы, дзе палітыкі абмяркуюць Украіну і будучыню адносін з ЗША. Politico піша, што «усіх будзе хваляваць пытанне: ці ёсць у ЕС хаця б нейкая надзея стаць на ногі без дапамогі Вашынгтона?».
«Да канца тыдня адказаў на гэтыя важныя пытанні можа і не з’явіцца, але лідары ЕС, прынамсі, спадзяюцца вызначыць, як будуць развівацца падзеі далей», — падкрэсліла выданне.