Украінскія вайскоўцы разаблачылі фэйкавыя карты расіян
- 9.02.2026, 16:46
- 1,114
Невялікія групы акупантаў выдаюць за «захоп» населеных пунктаў.
Расійскія «ваенкары» заявілі пра нібыта контрнаступ Узброеных Сіл Украіны на стыку Дняпрапятроўскай і Запарожскай абласцей. У Сілах абароны Поўдня гэтыя паведамленні абверглі і патлумачылі сапраўдную сітуацыю на фронце.
Пра гэта «РБК-Украіна» паведаміў спікер Сіл абароны Поўдня Уладзіслаў Валошын.
Па яго словах, калі параўнаць карты, якія распаўсюджваюць расійскія прапагандысты, з афіцыйнымі данымі Генеральнага штаба ЗСУ, можна ўбачыць істотныя разыходжанні.
У прыватнасці, расійскі бок заяўляе, што іх войскі нібыта амаль падышлі да Пакроўскага ў Дняпрапятроўскай вобласці, аднак рэальная сітуацыя на фронце гэтага не пацвярджае.
Валошын патлумачыў, што расіяне ажыццяўляюць інфільтрацыйныя дзеянні — невялікія спробы пранікнення, якія потым падаюцца як нібыта захоп населеных пунктаў.
У якасці прыкладу ён прывёў заявы РФ пра «ўзяцце» Цярноватага, хоць да рэальнай лініі баявога судакранання там не менш за 10–15 кіламетраў.
«Яны знаходзіліся там лічаныя гадзіны, пасля чаго былі знішчаныя нашымі вайскоўцамі», — адзначыў спікер.
Ён дадаў, што на афіцыйных старонках Сіл абароны Поўдня апублікавана відэа знішчэння варожых груп каля знака населенага пункта Цярноватае.
Валошын адзначыў, што расіяне малююць скрыўленую лінію баявога судакранання, такім чынам яны спрабуюць апраўдаць уласныя папярэднія ілжывыя заявы, распаўсюджваючы выдумкі пра нібыта ўкраінскае контрнаступленне.

«Мы, са свайго боку, сапраўды праводзім разведвальна-пошукавыя дзеянні — штодня да двух дзясяткаў — для выяўлення іх інфільтрацыйных дыверсійных груп. Мы правялі ўсюды зачысткі (у раёне тых населеных пунктаў, дзе расіяне заяўляюць пра пачатак нашага «контрнаступлення», — рэд.)», — растлумачыў ён.
Як падсумаваў прадстаўнік Сіл абароны Поўдня, «з ваеннага пункту гледжання гэтыя дзеянні не з'яўляюцца контрнаступленнем».
