Прэм’ер-міністр Вялікабрытаніі Стармер можа выйсці ў адстаўку
4- 9.02.2026, 13:10
- 2,946
З-за скандалу з файламі Эпштэйна.
Скандал вакол сувязяў высокапастаўленых палітыкаў з Джэфры Эпштэйнам можа каштаваць пасады прэм’ер-міністру Вялікабрытаніі. Лёс Кіра Стармера вісіць на валаску — пасля таго як у нядзелю звольніўся ягоны найбліжэйшы памочнік, кіраўнік адміністрацыі Морган Максуіні.
Максуіні ўзяў на сябе «поўную адказнасць» за параду прызначыць у 2025 годзе паслом у ЗША Пітэра Мандэльсана, хоць было вядома пра яго сувязі з педафілам Эпштэйнам, які быў арыштаваны і скончыў жыццё самагубствам яшчэ ў 2019 годзе. Цяпер на Даўнінг-стрыт, 10, рыхтуюцца да таго, што міністры кабінета прыватна папросяць прэм’ера пакінуць сваю пасаду або пагразяць уласнай адстаўкай, калі ён гэтага не зробіць, піша Bloomberg са спасылкай на людзей, знаёмых з сітуацыяй. Паводле слоў памочніка аднаго з міністраў, шанцы Стармера ўтрымацца да канца тыдня складаюць 50 на 50.
Мандэльсан мінулага тыдня пакінуў Палату лордаў брытанскага парламента пасля таго, як урад заклікаў яго адмовіцца ад тытула пэра. Паліцыя распачала ў дачыненні да яго крымінальнае расследаванне і правяла вобшукі. З апошняй партыі дакументаў Эпштэйна, абнародаваных Міністэрствам юстыцыі ЗША, стала вядома, што Мандэльсан, які ў 2009 годзе займаў пасаду міністра па справах бізнесу, абмяркоўваў з Эпштэйнам падатак на бонусы банкіраў, які брытанскі ўрад планаваў увесці, але пра які тады яшчэ публічна не паведамлялася.
«Усё ў яго руках, — сказаў пра прэм’ер-міністра дэпутат ад Лейбарысцкай партыі Эндзі Макдоналд у праграме BBC Today. — Калі ён не прызнае сваю памылку, не ўсвядоміць праблему, што перад ім стаіць, не сфармулюе яе і не раскажа нам, як ён збіраецца з ёй справіцца, то, баюся, усё скончыцца — калі не сёння, то, безумоўна, у бліжэйшыя тыдні і месяцы».
Парламент прыняў рашэнне аб публікацыі дакументаў, звязаных з прызначэннем Мандэльсана, рашэнне аб якім у выніку прымаў Стармер.
Некаторыя дэпутаты таксама задаліся пытаннем, ці мог Мандэльсан перадаваць дзяржаўныя сакрэты Расіі, улічваючы яго сяброўства з бізнесменам Алегам Дзерыпаскам.