Экс-старшыню Рэчыцкага райвыканкама асудзілі на сем гадоў калоніі
12- 9.02.2026, 12:59
- 3,080
Лукашыста абвінавацілі ў перавышэнні ўлады і службовых паўнамоцтваў.
Экс-старшыні Рэчыцкага райвыканкама інкрымінавана перавышэнне ўлады і службовых паўнамоцтваў, гаворыцца ў заяве Гомельскай пракуратуры. Яго імя не называецца, але відавочна, што гаворка ідзе пра Віталя Панчанку.
На працягу 10 гадоў былы кіраўнік даваў незаконныя ўказанні спецыялістам сельгаспрадпрыемстваў Рэчыцкага раёна, а таксама свайму намесніку ўтойваць падзеж жывёлы. У сувязі з гэтым 20 работнікаў былі прыцягнутыя да крымінальнай адказнасці.
Экс-старшыні Рэчыцы прызначылі пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на 7 гадоў з адбываннем у калоніі ўзмоцненага рэжыму, са штрафам у памеры 700 базавых велічынь (31 500 рублёў), з пазбаўленнем права займаць пэўныя пасады, звязаныя з выкананнем арганізацыйна-распарадчых абавязкаў, тэрмінам на 5 гадоў, паведамляе пракуратура.
Пра затрыманне Віталя Панчанкі летась паведамляў «Флагшток».
У 2022 годзе Панчанка ўжо быў у СІЗА, але тады яму ўдалося пазбегнуць пакарання — ён нават апынуўся на пасадзе ідэолага «Беларуснафты».