Палітолаг: Крэмль хоча выкарыстаць Лукашэнку супраць Еўропы
10- 9.02.2026, 10:34
- 4,536
Ёсць рызыка эскалацыі.
Чаму Уладзімір Зяленскі ужо трэці раз за апошнія дзве тыдні ўзгадвае Беларусь у сваіх выступах, ці можа Беларусь стаць расійскім інструментам эскалацыі супраць Еўразвязу і якія сапраўдныя мэты мае адміністрацыя Трампа ў дыялогу з Мінскам? Пра гэта ў студыі «Белсата» разважаў навуковы супрацоўнік Фінскага інстытута міжнародных адносін Грыгоры Ніжнікаў.
Грыгоры Ніжнікаў лічыць, што частыя звароты Уладзіміра Зяленскага сведчаць пра заканчэнне перыяду ігнаравання беларускай пагрозы і спробаў «прымірэння» Лукашэнкі. Бо да апошняга часу, лічыць госць праграмы, у Кіева не было палітыкі адносна Беларусі.
«Цяпер проста Зяленскі цалкам разумее, што з беларускага боку існуе вялікая пагроза, з ёй трэба працаваць. Што той падыход, які быў раней, маўляў, будзем проста рабіць выгляд, што ўсё нармальна і што Лукашэнка можа кантраляваць сітуацыю, — ён не працуе», — кажа Ніжнікаў.
На думку Ніжнікава, Кіеў бачыць дзве небяспечныя тэндэнцыі: з аднаго боку, непрадказальнасць палітыкі ЗША і рызыка, што дзеянні Трампа кладуць міну пад Украіну, Еўропу і рэгіянальную бяспеку ў рэгіёне. А з другога — залежнасць Мінска ад Масквы, нягледзячы на ўсе перамовы з Трампам, застаецца вялікай. І калі Крэмль вырашыць выкарыстаць Беларусь для эскалацыі вайны, ён яе выкарыстае. Таму пагроза з боку Мінска, калі Масква паказвае, што гатовая да яшчэ больш шырокага развязвання гэтай вайны, выклікае ў Кіеве сур'ёзную трывогу.
Паводле Грыгорыя Ніжнікава, цяпер абмяркоўваецца толькі вельмі гіпатэтычная сітуацыя адносна мірнага дагавору. Бо ў гэтым няма ніякага прагрэсу. Уладзімір Пуцін хоча капітуляцыі Украіны і вядзе перамоўны працэс такім чынам, каб зацягваць час. Галоўная мэта Уладзіміра Зяленскага — каб амерыканцы не выйшлі з гэтага працэсу. Таму многія пункты, прапісаныя ў амаль узгодненым плане, не маюць ніякага сэнсу.
«Украіна з імі згаджаецца, ведаючы, што не варта злаваць Трампа, і яны проста трымаюцца за самае галоўнае — за тэрытарыяльнае пытанне. Гэта значыць, яны робяць усё, каб амерыканцы не абвінавацілі Украіну ў тым, што яна сарвала выдатны мірны план Трампа», — адзначае Грыгоры Ніжнікаў.
У гэтай сітуацыі Беларусь можа стаць інструментам расійскай эскалацыі супраць Еўропы. Бо ў Крамлі бачаць, што ўдары Украіны па расійскіх энергетычных аб’ектах усё ж такі дзейнічаюць, і грошы ў пэўны момант могуць скончыцца. Таму не выключана, што ў такой сітуацыі Расія можа пайсці на эскалацыю.
«А эскалаваць яны будуць не ва Украіне, а ў Еўропе. Бо так зручней, вынік будзе больш маштабны. І тут Беларусь будзе вельмі дарэчы. Таму Беларусь і Лукашэнка могуць стаць вялікімі ахвярамі правалу гэтага мірнага плана Трампа», — лічыць госць нашай студыі.