«Белавія» перайшла на «карупцыйную» сістэму браніравання авіябілетаў
2- 9.02.2026, 10:15
- 4,712
У Расіі — гучны скандал.
Аператар сістэмы браніравання авіябілетаў Leonardo, на прадукт якога ў 2023 годзе замест амерыканскай Sabre пераарыентавалася «Белавія», трапіў у цэнтр карупцыйнага скандалу ў Расіі, заўважыў сайт «Беларусы і рынак».
Расійская Генпракуратура падала пазоў аб звароце ў даход дзяржавы сістэмы браніравання авіябілетаў Leonardo і аэрапортавай сістэмы рэгістрацыі пасажыраў і багажу Astra.
Паводле яе заключэння, уласнікі гэтых сістэм, якія забяспечваюць прадастаўленне крытычна значных інфармацыйных паслуг у паветраным транспарце, «Сірэна-Трэвэл», ТКП і іншыя кампаніі групы, былі набытыя карупцыйным шляхам, а таксама знаходзяцца пад крымінальным уплывам і замежным кантролем. «Белавія» вяла перамовы ў 2023 годзе з гэтымі структурамі.
Каб стаць лідарам у браніраванні авіябілетаў, цяперашнія ўласнікі «Сірэна-Трэвэл» і Leonardo, паводле версіі Генпракуратуры, яшчэ ў 2003-м наўмысна збанкрутавалі дзяржаўнае прадпрыемства «Галоўнае агенцтва паветраных зносін грамадзянскай авіяцыі».
Сярод падазраваных фігуруюць памерлы экс-генеральны дырэктар «Внукоўскіх авіяліній», дзеючы дэпутат Дзярждумы ад ЛДПР і адзін з бізнесменаў.
Дарэчы, сістэмай Leonardo разам з «Сірэна-Трэвэл» на парытэтных пачатках кіруе адна з даччыных кампаній дзяржаўнай карпарацыі «Ростэх».