У расійскім Белгарадзе пачалася тэрміновая эвакуацыя
29- 9.02.2026, 17:04
- 41,562
Горад замярзае.
У расійскім Белгарадзе не ўдаецца аднавіць ацяпленне і падачу электраэнергіі ў сотні дамоў пасля ўкраінскіх удараў. Губернатар Белгарадскай вобласці Вячаслаў Гладкоў у сваім Telegram-канале паабяцаў, што з горада эвакуююць дзяцей і адзінокіх пенсіянераў. Гладкоў распавёў, што рамонтныя работы энергетыкаў і цеплавікоў, якія працягваюцца двое сутак, «не прыводзяць да даўгачаканага выніку».
Ён дадаў, што электразабеспячэнне не адноўлена для 500 спажыўцоў. Таксама ў 455 шматкватэрных дамах, 25 дзіцячых садках, 17 школах, 9 паліклініках і 4 ВНУ няма ацяплення. Больш за тое, з сістэмы пачынаецца зліў вады.
Паводле слоў губернатара, тыя дзіцячыя сады, дзе ёсць ацяпленне, пераходзяць на кругласутачны рэжым працы. Таму Гладкоў прапанаваў гараджанам пакідаць там маленькіх дзяцей.
Таксама ён абвясціў пра эвакуацыю дзяцей з горада «ў іншыя рэгіёны РФ»:
«Калі ў вас дзеці школьнага ўзросту: вы пакідаеце, як і ў 2024–2025 гадах, свае заяўкі ў адміністрацыі горада Белгарада, і мы накіроўваем дзяцей у іншыя рэгіёны – у тыя месцы, якія ўжо звыклыя, як, напрыклад, Рэспубліка Крым, і ў прылеглыя рэгіёны – цяпер гэта абмяркоўваем з губернатарамі. Будзем падаваць заяўкі ў МНС для адпраўкі нашых дзяцей на цягніках».
Таксама губернатар Белгарадскай вобласці дадаў, што шматдзетныя сем'і, сем'і з дзецьмі-інвалідамі і адзінокія пенсіянеры таксама маюць магчымасць «перамясціцца ў іншыя рэгіёны» і параіў пакідаць адпаведныя заяўкі.