На наступны дзень пасля замаху на генерала Аляксеева ў дзіўнае ДТЗ трапіў найбліжэйшы паплечнік Шайгу
6- 8.02.2026, 9:13
- 11,660
У Расіі — чарада загадкавых інцыдэнтаў з высокапастаўленымі вайскоўцамі.
Адзін з найбліжэйшых паплечнікаў Сяргея Шайгу па працы ў МНС і яго былы намеснік, генерал-маёр Аляксандр Валасаў, трапіў у дзіўнае ДТЗ на наступны дзень пасля замаху ў Маскве на генерала ГРУ Уладзіміра Аляксеева.
Пра гэта піша «ВЧК-ОГПУ» са спасылкай на крыніцу.

Інцыдэнт адбыўся ў суботу каля 17:00 у раёне Рублёўскага шосэ, на аб’езднай дарозе праз вёску Кальчуга, паблізу ад сяла Пятрова-Дальняе, дзе жыве сам Валасаў.
Паводле звестак крыніцы, прэміяльны кітайскі кросовер Changan UNI-K Валасава рэзка страціў кіраванне.
«У аўтамабіля з блатнымі дзяржаўнымі нумарамі АМО адмовілі тармазы», — гаворыцца ў паведамленні. Аўарыя адбылася на невялікай дарозе і пры снежным пакрыцці, што, паводле слоў суразмоўцаў, дапамагло пазбегнуць цяжкага ДТЗ. У выніку сутыкнення аўтамабіль, які рухаўся наперадзе, толькі кінула ўбок. Калі б аўарыя здарылася на ажыўленай і вялікай трасе, наступствы, верагодна, былі б іншымі.

Валасаў — адзін з даўніх паплечнікаў Шайгу. У перыяд працы Шайгу ў МНС ён займаў пасаду першага намесніка міністра. Пасля пераходу Шайгу ў Мінабароны Валасаў у 2016–2017 гадах узначальваў Спецстрой Расіі.
Аўарыя здарылася ўсяго праз суткі пасля замаху на генерала ГРУ Аляксеева, што ўзмацніла ўвагу да здарэння.