5 сакавiка 2026, Чацвер, 8:00
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Скандальны функцыянер і «сенатар» Баскаў у мінулым годзе заняўся новым бізнесам

6
Скандальны функцыянер і «сенатар» Баскаў у мінулым годзе заняўся новым бізнесам

Што цяпер з сеткай?

Сетка крамаў-дыскаўнтараў «ДНЦ-маркет» адкрыла чацвёртую краму — усе ў розных гарадах. У іншыя гандлёвыя кропкі актыўна шукаюць работнікаў. Вялікая доля ў гэтай кампаніі належала скандальна вядомаму спартыўнаму функцыянеру і «сенатару» Дзмітрыю Баскаву. Другі саўладальнік кіраваў адной з кампаній, звязаных з «Востравам чысціні і смаку», паведамляе «Зеркало».

У лютым 2025 года ў Беларусі была зарэгістраваная кампанія «ДНЦ-Маркет». Яна развівае сетку крамаў-дыскаўнтараў.

У лістападзе мінулага года ў сетцы працавалі толькі дзве крамы — у Мінску і Жодзіне. Цяпер адкрыліся яшчэ дзве — у Бабруйску і Баранавічах. Акрамя гэтага, у студзені сетка зарэгістравала кропку ў Слоніме.

Акрамя таго, фірма актыўна наймае супрацоўнікаў у розных гарадах. На момант публікацыі ў рэспубліканскай базе вакансій значылася 185 прапаноў. Заробкі вагаюцца ад 1,5 тыс. (столькі прапануюць грузчыку) да 4 тыс. рублёў (заробак для маркетолага).

Шукаюць работнікаў на аб'екты ў Бярозе, Полацку, Маладзечне, Слоніме, Пінску, Жодзіне. У апошнім, напрыклад, патрэбныя два адміністратары гандлёвай залы. За працу на стаўку ім гатовыя плаціць ад 1,8 да 2 тыс. рублёў. Столькі ж будзе атрымліваць прадавец-кансультант у Бярозе. Заробак чатыром прадаўцам у Пінску прапануюць таксама па 1,8 тыс.

Як пісала «Бюро» ў лістападзе мінулага года, 50% фірмы «ДНЦ-Маркет» належыць Дзмітрыю Баскаву, яшчэ 50% — у малавядомага бізнесмена Анатоля Прыгодзіча. Аднак, як вынікае з даных сэрвісу legat.by на снежань 2025-га, у верасні таго ж года партнёрам Прыгодзіча па гэтым бізнесе быў пазначаны Аляксей Харсееў. Баскаў афіцыйна не значыцца сярод саўладальнікаў з таго ж месяца.

Анатоль Прыгодзіч шмат гадоў працаваў на розных пасадах у структурах групы кампаній «Рамакс», былых уладальнікаў сеткі «Востраў чысціні і смаку». А з мая 2024 па красавік 2025 года ён быў пазначаны саўладальнікам «ПродХімМаркета» — адной з фірмаў, якія кіравалі гэтай вядомай сеткай.

Тады ж паведамлялася, што экспансія новай сеткі крамаў-дыскаўнтараў, відаць, ідзе і праз памяшканні, дзе раней працаваў «Востраў чысціні і смаку». Напрыклад, адрас мінскай кропкі супадае з адрасам адной з былых крам сеткі.

«ДНЦ-Маркет» атрымала ліцэнзіі на продаж алкаголю і тытуню. Паралельна яна падала заяўкі на таварныя знакі: «ДНЦ-маркет», «Экономь-ка», Mister Ludwig, «Крепыш» і Happy house.

Нагадаем, у снежні таксама стала вядома, што Баскаў стаў саўладальнікам піваварнай кампаніі «Бивер» з доляй у 25%.

Дзмітрый Баскаў — беларускі функцыянер з хакейнай абоймы Лукашэнкі, былы асабісты трэнер Мікалая Лукашэнкі. Пасля працы з камандай Лукашэнкі Баскаў хутка прайшоў чыноўніцкую вертыкаль у хакеі: узначальваў «Дынама-Мінск» як генеральны дырэктар, затым стаў старшынём Федэрацыі хакея Беларусі і ўвайшоў у выканкам НАК.

У 2021 годзе Міжнародная федэрацыя хакея дыскваліфікавала яго на пяць гадоў з-за цесных сувязяў з сям'ёй Лукашэнкі і за саўдзел Дзмітрыя Баскава ў забойстве Героя Беларусі Рамана Бандарэнкі.

Паралельна са сваёй функцыянерскай дзейнасцю Баскаў развіваў бізнес-інтарэсы ў дэвелапменце і сумежных праектах.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках