У Уфе падлетак з нажом напаў на інтэрнат, дзе жывуць замежныя студэнты
- 7.02.2026, 21:48
- 3,156
Шэсць чалавек атрымалі параненні.
У Уфе 15-гадовы жыхар горада з нажом напаў на студэнтаў у інтэрнаце медыцынскага ўніверсітэта. У выніку былі параненыя чацвёра студэнтаў і двое супрацоўнікаў патрульна-паставай службы паліцыі, паведамляе ў Telegram прэс-сакратар МУС РФ Ірына Воўк. Нападніка затрымалі, удакладняецца ў яе паведамленні.
Паводле звестак Telegram-канала «112», блізкага да сілавікоў, усе пацярпелыя былі шпіталізаваныя ў розныя бальніцы, ім аказваецца неабходная дапамога. Двое параненых знаходзяцца ў цяжкім стане, піша канал. «Сярод пацярпелых — адзін падлетак. Яго стан лекары ацэньваюць як сярэдняй цяжкасці», — сцвярджае «112».
Акалічнасці здарэння ўдакладняюцца. Тым часам рэгіянальнае ўпраўленне Следчага камітэта РФ паведаміла, што ў сувязі з інцыдэнтам у Уфе была ўзбуджаная крымінальная справа па падазрэнні ў замаху на забойства двух і больш асоб і пасягальніцтве на жыццё супрацоўніка праваахоўнага органа.
Як піша мясцовае анлайн-выданне Ufa1.ru, напад з нажом адбыўся ў інтэрнаце Башкірскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, які знаходзіцца на вуліцы Рэпіна. «У гэтым корпусе пражываюць, у тым ліку, замежныя студэнты-медыкі», — адзначаецца ў публікацыі. «Са слоў аднаго са студэнтаў, нападнік выкрыкваў расісцкія абразы», — дадаюць журналісты.
Паводле даных Telegram-канала «112», падлетак, які напаў на студэнтаў і паліцэйскіх, прытрымліваўся неанацысцкіх поглядаў. Пры затрыманні ён аказаў супраціў і параніў сябе. На момант публікацыі, паводле дадзеных СМІ, зламыснік знаходзіўся ў бальніцы ў цяжкім стане. Рэктар БГМУ Валянцін Паўлаў ад каментарыяў адносна здарэння адмовіўся.