23 лютага 2026, панядзелак, 20:30
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Адчуў моцныя сутаргі па ўсім целе»

4
«Адчуў моцныя сутаргі па ўсім целе»

Беларус распавёў, як яго ўдарыла токам у мінскім тралейбусе.

Нядаўна СМІ падрабязна распавядалі гісторыю Дыяны, якую напрыканцы студзеня ўдарыла токам у 44-м тралейбусе. Але дзяўчына была не адзінай пацярпелай. У «Мінсктрансе» паведамілі, што з падазрэннем на электратраўму ў адну з мінскіх бальніц даставілі хлопца. Пасля публікацыі ён звязаўся з «Онлайнерам» і расказаў, што з ім адбылося.

«На наступны дзень пайшоў на заняткі»

Мацвею 18 гадоў, ён вучыцца ў адным са сталічных каледжаў. 27 студзеня ў 16:45 на прыпынку «Цэнтр міласэрнасці» ён паспрабаваў зайсці ў заднія дзверы тралейбуса № 4, і яго ўдарыла токам.

— Я толькі ступіў на металічны парожак, як адразу адчуў боль у назе і ўпаў у лужыну паміж бардзюрам і тралейбусам. Паколькі нага заставалася на тым парожку, мяне пачало ўсяго трасьці. Прытомнасці я не губляў. Па адчуваннях тое, што адбывалася, можна апісаць як моцныя сутаргі па ўсім целе. Было балюча, — успамінае Мацвей. — Дыяну адцягнулі, бо яна знаходзілася ў самым тралейбусе, а я засеў у гэтай ямцы, і мяне адцягнуць ніхто не мог. Магчыма, людзі думалі, што ў мяне прыпадак эпілепсіі. Калі кіроўца зразумеў, што здарылася, ён адключыў тралейбус.

Неўзабаве Мацвею дапамаглі падняцца і пасадзілі на лаўку. На месца прыехала хуткая, і пацярпелага адвезлі ў клінічную бальніцу № . Лекары спачатку паставілі папярэдні дыягназ «электратраўма», збіраліся пакласці яго ў рэанімацыю, а пасля дэталёвага абследавання пастанавілі: у хлопца «уздзеянне току без электратраўмы». У той жа дзень Мацвей вярнуўся дадому, бальнічны не браў і на наступны дзень пайшоў на заняткі ў каледж.

— Як адчуваў сябе праз некалькі гадзін пасля здарэння? Як толькі ўздзеянне току спынілася, адчуваў сябе ўжо нармальна. Нібыта нічога не адбылося. Але праз пэўны час у той дзень у мяне моцна балела ў раёне ікраў, але ў цэлым адчуваў сябе нядрэнна, — кажа студэнт.

«Да кіроўцы прэтэнзій няма»

Пасля здарэння Мацвея выклікалі ў міліцыю, з ім таксама сустракаліся супрацоўнікі «Мінсктранса»:

— Мне прынеслі выбачэнні і сказалі, што будзе выплачаная грашовая кампенсацыя. Трэба толькі сабраць дакументы для страхавой.

Субяседнік кажа, што пасля інцыдэнту ў тралейбусе ў інтэрнэце прачытаў шмат негатыўных каментароў у адрас кіроўцы, які нібыта марудзіў і не змог аператыўна адключыць транспарт. Але пацярпелы нікога не вінаваціць і лічыць, што кіроўца спрацаваў дастаткова хутка.

— Лічу, ён увогуле не вінаваты. З улікам таго, што ў такой сітуацыі апынуліся двое, ён зрэагаваў даволі хутка. А пішуць, што ён ледзь не паехаў далей і не звярнуў увагі. Гэта не так. Насамрэч ён стараўся дапамагчы і сам выклікаў міліцыю.

— Вам назвалі прычыну, чаму тралейбус ударыў токам?

— Як мне патлумачылі, у тралейбусе ёсць тры бар’еры абароны, каб чалавек не пацярпеў ад уздзеяння току. І соль, якой узімку пасыпаюць дарогі, раз’ела адзін з бар’ераў. З-за гэтага нас і ўдарыла токам. Рэзінавая падэшва не ўратавала, бо на ёй, як і на платформе, таксама была соль.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках