Расійскага пасла выклікалі ў МЗС Азербайджана
- 6.02.2026, 18:32
- 8,602
Яму ўручылі ноту пратэсту.
Міністэрства замежных спраў Азербайджана выклікала пасла Расіі Міхаіла Яўдакімава і ўручыла яму ноту пратэсту, паведаміла прэс-служба знешнепалітычнага ведамства.
Прычынай стала заява першага намесніка старшыні камітэта Дзярждумы па справах СНД, еўразійскай інтэграцыі і сувязях з суайчыннікамі Канстанціна Затуліна адносна прысуду грамадзянам Арменіі ў краіне.
Баку заклікаў Маскву прыняць адпаведныя меры для спынення «дэструктыўнай дзейнасці» і спроб падарваць мір і стабільнасць у рэгіёне, а таксама адносіны паміж Азербайджанам і Расіяй.
Затулін, як піша РБК, напярэдадні апублікаваў заяву міжнароднага расійска-армянскага «Лазараўскага клуба» з нагоды прысуду, вынесенага ўладамі Баку былому так званаму кіраўніцтву Нагорнага Карабаха. У ёй рашэнне суда называецца «ганебным трыумфам самавольства і здрады». Дэпутат з'яўляецца каардынатарам савета клуба.