Беларусу не выдалі працоўную кніжку з-за кніг
3- 6.02.2026, 11:40
- 3,414
Дзіўная гісторыя пры звальненні на Віцебшчыне.
У Беларусі выявілі паказальны выпадак падчас праверкі выканання працоўнага заканадаўства на адным з прадпрыемстваў Віцебскай вобласці. Работніку пры звальненні не выдалі працоўную кніжку — прычынай назвалі кнігі, якія ён не паспеў вярнуць у бібліятэку арганізацыі.
Аб гэтым паведамілі у Дэпартаменце дзяржаўнай інспекцыі працы.
Працоўны кодэкс кажа: працоўная кніжка павінна быць выдадзена ў дзень звальнення, то бок у апошні працоўны дзень. Гэта непасрэдна прадугледжана ў частцы 6 артыкула 50 ПК Рэспублікі Беларусь.
Наймальнік сапраўды можа абавязаць работніка разлічыцца з бібліятэкай, але толькі праз лакальныя прававыя акты. Аднак прывязваць гэта да выдачы працоўнай кніжкі нельга.
Нават калі кнігі не здадзеныя, наймальнік не мае права затрымліваць працоўную кніжку. Такая адмова лічыцца парушэннем працоўнага заканадаўства, патлумачылі ў інспекцыі працы.
Калі працоўную кніжку затрымалі па віне наймальніка, прымяняецца артыкул 79 Працоўнага кодэкса. У гэтым выпадку работніку павінны выплаціць сярэдні заробак за ўвесь час вымушанага прагула.
Акрамя таго, дата звальнення змяняецца — афіцыйна работнік лічыцца звольненым у той дзень, калі яму фактычна выдалі працоўную кніжку.