Пасол ЗША ў Польшчы: Мы спыняем кантакты з маршалкам Сейма Чажастым
- 6.02.2026, 11:21
- 9,648
Фота: Tom Rose/X
Прычынай сталі выказванні палітыка на адрас Трампа.
«Мы больш не будзем падтрымліваць кантакты і мець зносіны з маршалкам Сейма Уладзімежам Чажастым», — паведаміў пасол ЗША ў Польшчы Том Роўз. У якасці прычыны ён назваў «абуральныя і беспадстаўныя абрасы на адрас прэзідэнта Трампа», паведамляе tvn24.pl.
У запісе на платформе X Том Роўз паведаміў, што з чацвярга амерыканскі бок больш не будзе падтрымліваць кантакты і камунікаваць з Уладзімежам Чажастым. Ён напісаў, што «абуральныя і беспадстаўныя абразы на адрас прэзідэнта Трампа зрабілі яго сур'ёзнай перашкодай для нашых выдатных адносін з прэм'ер-міністрам Тускам і яго ўрадам».
«Мы не дазволім нікому шкодзіць польска-амерыканскім адносінам або праяўляць непавагу да Дональда Трампа, які так шмат зрабіў для Польшчы і палякаў», — заявіў пасол.
Чажасты пракаментаваў гэта рашэнне ў размове з парталам Onet.
— Паколькі заява спадара пасла была зроблена ў сувязі з маёй пазіцыяй адносна адсутнасці падтрымкі кандыдатуры прэзідэнта Трампа на Нобелеўскую прэмію міру, я сваю пазіцыю ў гэтым пытанні пацвярджаю, — паведаміў ён.
Чажасты пра Трампа: «Дэстабілізуе сітуацыю»
Маршалак Сейма Польшчы крытычна выказаўся пра Трампа на панядзелкавай прэс-канферэнцыі, калі паведаміў, што не падтрымае хадайніцтва аб прысуджэнні прэзідэнту ЗША Нобелеўскай прэміі міру, бо той «яе не заслугоўвае».
Тады ён ацаніў, што «парадак, заснаваны на міжнародным праве, на жаль, паступова сыходзіць у мінулае», а ў міжнароднай палітыцы пачынае дамінаваць сіла.
— Стварэнне Злучанымі Штатамі новых платформаў, такіх як Савет міру, на мой погляд, ілюзорнае. Трэба ўмацоўваць Еўрапейскі саюз, ААН, СААЗ і саміх сябе, — казаў ён.
— Прэзідэнт Трамп, на маю думку, дэстабілізуе сітуацыю ў гэтых арганізацыях, прадстаўляючы палітыку сілы і вядучы транзакцыйную палітыку з ужываннем сілы, — дадаў Чажасты.
Ён таксама ўзгадаў, між іншым, «іншае трактаванне гісторыі» Трампам у пытанні ўдзелу польскіх салдат у місіях і «інструментальнае стаўленне» да іншых тэрыторый, напрыклад да Грэнландыі.
З ініцыятывай прысуджэння Трампу Нобелеўскай прэміі міру выступілі спікер Палаты прадстаўнікоў Кангрэса ЗША Майк Джонсан і старшыня Кнэсэта Ізраіля Амір Охана. У пятніцу ў Сейм Польшчы паступіла карэспандэнцыя з просьбай падтрымаць іх ініцыятыву з боку маршалка Сейма.