Рэха акцыі «Рубільнік»
34- Кірыл Іваноў, «Салідарнасць»
- 6.02.2026, 16:19
- 29,768
Тры кароткія высновы з гісторыі з адключэннем электрычнасці.
Тры кароткія высновы з гісторыі з адключэннем электрычнасці, зробленыя на падставе рэакцыі чыноўнікаў, прапаганды і абураных беларусаў.
Выснова першая. Чыноўнікі і прапаганда гатовыя выканаць любы, нават самы дзікі капрыз пастарэлага вождзя. Без прамаруджвання, узгаднення дзеянняў і мінімальнага праліку магчымых наступстваў.
У выніку мы бачым, як у Мінэнерга спрабуюць зваліць віну на «выканаўцаў на розных узроўнях», а ў Мінгарвыканкаме заяўляюць, што гэта было «рашэнне кіраўніцтва».
І дадаюць, што гаворка пра «разавую акцыю». Што гэта была за акцыя і які сэнс у яе закладалі, чыноўнікі, відаць, і самі слаба ўяўляюць.
А прапаганда, як той глушэц на лясной паляне ў разгар шлюбных гульняў, нават не спрабуе пачуць абураныя галасы з цемры.
Выснова другая. У каментарыях не раз і не два ўзнікала слушнае пытанне пра ўласную АЭС. Здаецца, нават да тых, хто спрабуе жыць «паза палітыкай», пачынае даходзіць, што станцыя ў Астраўцы — гэта зусім не пра танную электрычнасць і клопат пра шараговых грамадзян.
Што ў самой сённяшняй уладзе гэтага самага клопату не больш, чым у гераіні Ноны Мардзюковай у «Брыльянтавай руцэ», гатовай, варта толькі што-небудзь пайсці не так, «адключыць газ».
Выснова трэцяя — галоўная. Беларусы яшчэ раз на ўласнай скуры пераканаліся, наколькі фізічна небяспечная для іх гэтая звязка: чалавек, які апошні раз хадзіў па цёмнай вуліцы без аховы больш за трыццаць гадоў таму, і гатовыя выканаць любы ягоны капрыз чыноўнікі.
Папярэдняя гісторыя, звязаная з цынічным адмаўленнем небяспекі каранавіруса, калі хто забыўся, каштавала нам усім дзясяткаў тысяч звышмерных смерцяў.
Кірыл Іваноў, «Салідарнасць»