У Столінскім раёне ад марозу выратавалі казулю
2- 4.02.2026, 16:55
- 1,744
З-за ледзяной скарынкі на снезе жывёлы не могуць здабываць корм.
Егер і ахотовед Столінскага лясгаса выратавалі казулю, якая абязсіленая ляжала на дарозе. Яе сагрэлі і павезлі на службовай «буханцы». Падрабязнасці гісторыі выратавання егер Юрый Рудзінскі распавёў дзяржаўнаму агенцтву БЕЛТА.
У другой палове дня 3 лютага егер і ахотовед аб’язджалі падкормачныя пляцоўкі, везлі жывёлам моркву і збожжа. Калі ў раёне вёскі Дубое выехалі з лесу на грунтавую дарогу, убачылі спыненую машыну.
«Спачатку падумалі, што адбылося ДТЗ, пад’ехалі туды. Мужчына і жанчына стаялі, а побач з імі ляжала казуля-сегалетак, самачцы каля шасці месяцаў. Яна была абязсіленая. Відавочна, маці загінула, а малеча выйшла на дарогу. Людзі кармілі яе хлебам, яна ела з рук», — распавёў Юрый Рудзінскі.

Па яго словах, звычайна казулі баяцца людзей і ўцякаюць. Малеча ж не сыходзіла, нібыта чакала дапамогі. Цяпер у Столінскім раёне гурбы па калена і вышэй. З-за адлігі і наступнага марозу ўтварылася скарынка, якая раніць ногі жывёлам.
«Мы патэлефанавалі ветэрынарам, каб даведацца, на якія моманты звярнуць увагу. Агледзелі казулю, пашкоджанняў не было. Яна не сыходзіла, стаяла побач, больш да ног прыціскалася», — адзначыў егер.
Абдумаўшы сітуацыю, работнікі лясгаса забралі казулю да сябе ў УАЗ:
«Мы ўключылі пячку бліжэй да задніх сядзенняў. Яна практычна не рухалася, прысаджвалася, відаць, стамілася хадзіць па такім снезе. Праз паўгадзіны казуля адгрэлася. Насыпалі ў вядро збожжа, яна паела. Давала сябе пагладзіць».

Спецыялісты ведаюць месцы, куды прыходзіць вялікая колькасць казуль. У адным з такіх месцаў размешчана падкормачная пляцоўка. Туды адвезлі малечу.
«Гэта маладняк, сама яна не выжыве. Калі пакінуць — яе з’ядуць воўкі або сабакі. Мы яе адвезлі на падкормачную пляцоўку. Пакінулі там есці збожжа. Цяпер казулі ходзяць статкамі, збіраюцца па 20–50 асобін — так ім лягчэй пракарміцца. Сёння я рабіў аб’езд, дасыпаў корм на кормавых пляцоўках. Нашай казулі не было. Сто працэнтаў яе ў статак прынялі, і яна сышла з іншымі казулямі», — патлумачыў егер.
Ён адзначыў, што падчас «Хаўера» «не было такога марозу і столькі снягу не ляжала працяглы час», а цяпер ледзяная скарынка на снезе, жывёлы не могуць дабрацца да травы:
«Ім вельмі складана. Найцяжэй — казулям, зайцам, курапаткам. Кормім іх на падкормачных пляцоўках. Лось прыходзіць толькі на саланцы. Ён есць галіны, кару. Сам дастае».