Украіна рэзка змяніла тактыку перамоваў з Расіяй
12- 3.02.2026, 21:08
- 42,020
Крэмлю давялося змяніць перамоўшчыкаў.
Пасля абнаўлення Офіса Прэзідэнта Украіна змяніла лагіку і стыль перамоваў. З прыходам Кірыла Буданава Кіеў адмовіўся ад разрозненых каналаў і перайшоў да жорсткага фармату «аднаго голасу», закрыўшы для Расіі магчымасць гуляць на хаосе і супярэчнасцях, піша «Украінская праўда».
Раней перамовы Украіны вяліся адразу па некалькіх каналах. Афіцыйны напрамак курыравалі кіраўнік Офіса Прэзідэнта Украіны Андрэй Ермак і МЗС, паралельна існавалі нефармальныя кантакты праз кіраўніка ГУР Кірыла Буданава і кіраўніка фракцыі «Слуга народа» Давіда Арахамію. У выніку партнёры і апаненты атрымлівалі розныя сігналы.
Пасля таго як перамоўны працэс фактычна перайшоў пад кантроль Кірыла Буданава, пазіцыя Украіны стала адзінай і больш жорсткай.
Вяртанне Арахаміі ў афіцыйную перамоўную групу ўзмацніла гэты эфект. Ён мае шырокую сетку кантактаў у ЗША і, што не менш важна, яшчэ з часоў стамбульскіх перамоваў мае прамыя сувязі з расійскім бокам, у тым ліку з алігархам Раманам Абрамовічам.
Змены балюча ўдарылі і па Маскве. Крэмлю давялося замяніць перамоўшчыкаў. Замест гісторыка Уладзіміра Мядзінскага і ідэалагічных «апавядальнікаў пра гісторыю» за стол перамоваў селі вайскоўцы.
Паводле слоў крыніц, цяпер абмяркоўваюцца канкрэтныя і вельмі нязручныя для Расіі пытанні — ад адводу войскаў да гарантый і тэрмінаў. Прасторы для зацягвання працэсу і дэмагогіі стала заўважна менш.
За апошні месяц Буданаў правёў некалькі сустрэч за мяжой, таму, як сцвярджаюць крыніцы ў ОП, яго ўвага цяпер амаль цалкам засяроджаная на міжнародных перамовах.