Кіраўнік «Белнафтыхіма» назваў новыя тэрміны, калі ў Беларусі знікне 92-і бензін
10- 19.02.2026, 22:16
- 9,672
Кіроўцам да ведама.
Старшыня канцэрна «Белнафтыхім» Ілья Ікан 19 лютага назваў новыя тэрміны, калі з беларускіх заправачных станцый практычна знікне 92-і бензін (АІ-92). Аўтамабілістам у канцэрне паабяцалі «плыўны пераход».
Паступовую адмову ад 92-га бензіну ў «Белнафтыхіме» патлумачылі «тэндэнцыямі, дыктаванымі патрэбамі часу», перадае БелТА.
Паводле афіцыйнай статыстыкі дзяржканцэрна, ужо цяпер у Беларусі попыт на гэтую марку бензіну знізіўся. Па словах Ікана, усё больш кіроўцаў пераходзіць на 95-ы бензін і, на думку канцэрна, гэтая тэндэнцыя ў бліжэйшыя гады захаваецца.
Але рэзка спыняць пастаўкі АІ-92, паводле Ікана, «Белнафтыхім» не будзе. Як гэта бывала і раней, адмаўленне ад незапатрабаванай маркі паліва будзе адбывацца плыўна і паступова, а не аднамомантна. Пасля гэтага на АЗС краіны паўсюль будуць прадстаўлены такія маркі бензіну, як АІ-95, АІ-98 і АІ-100.
«Мы адназначна з прапрацоўкай усіх магчымых дэталяў і нюансаў падыдзем і рэалізуем гэта мерапрыемства», — заявіў Ікан і назваў новыя прыблізныя тэрміны. Паводле яго слоў, 92-і бензін будзе на беларускіх запраўках яшчэ як мінімум 5 гадоў і не знікне раней за 2030 год.