Навукоўцы: Кава вяртае біялагічную маладосць
4- 19.02.2026, 8:53
- 3,446
Названая дакладная колькасць чашак у дзень.
Рэгулярнае ўжыванне некалькіх чашак кавы можа быць карысным не толькі для бадзёрасці. Новае даследаванне паказвае: людзі, якія штодня п'юць 3–4 порцыі напою, маюць больш малады біялагічны ўзрост і патэнцыйна старэюць павольней.
Пра гэта паведаміла выданне verywellhealth.
Навукоўцы прааналізавалі даныя 436 удзельнікаў з цяжкімі псіхічнымі засмучэннямі. Даследчыкі выявілі, што тыя, хто ўжываў не менш як тры чашкі кавы на дзень, мелі біялагічны ўзрост прыкладна на пяць гадоў меншы, чым у людзей, якія адмаўляюцца ад кавы. Біялагічны ўзрост вызначаюць па стане клетак, і яго павышэнне звязана з рызыкамі анкалагічных, сардэчна-сасудзістых і нейрадэгенератыўных захворванняў.
У той жа час аўтары адзначаюць: даследаванне з'яўляецца назіральным, таму прамую прычынна-выніковую сувязь даказаць немагчыма. Аднак вынікі адпавядаюць папярэднім працам, якія звязвалі каву з кафеінам са зніжэннем рызыкі дыябету, сардэчных недугаў, кагнітыўных засмучэнняў і нават інсульту.
Эксперты мяркуюць, што станоўчы эфект можа быць звязаны з поліфеноламі — прыроднымі антыаксідантамі, якія змяншаюць запаленне і падтрымліваюць працу клетак. Праўда, механізм уплыву яшчэ патрабуе больш падрабязных даследаванняў.
Навукоўцы таксама заўважылі, што карысць знікае пасля перавышэння мяжы ў чатыры чашкі на суткі. Прычына можа палягаць ва ўплыве празмернага кафеіну на сон: нізкая якасць начнога адпачынку даўно звязана з паскораным старэннем мозгу і павышанай рызыкай дэмэнцыі.
FDA нагадвае, што бяспечнай сутачнай нормай для большасці дарослых лічыцца да 400 мг кафеіну — гэта прыблізна чатыры стандартныя чашкі кавы. Перавышэнне можа выклікаць падвышаны ціск, пачашчанае сэрцабіцце, трывогу, млоснасць або бяссоніцу.