Зяленскі: Ідэя выбараў падчас вайны належыць расіянам
2- 12.02.2026, 23:09
- 1,000
Паводле слоў прэзідэнта Украіны, Крэмль хоча пазбавіцца ад яго.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў, што гатовы да выбараў і рэферэндуму, але гэтага хоча менавіта Расія, каб «пазбавіцца ад яго». У той жа час ён сам не «трымаецца за ўладу».
Пра гэта прэзідэнт Украіны сказаў у інтэрв’ю The Atlantic.
Зяленскі распавёў, што тактыка перамоў з ЗША, якую абрала Украіна, «заключаецца ў тым, каб амерыканцы не думалі, што мы хочам працягваць вайну»: «Вось чаму мы пачалі падтрымліваць іх прапановы ў любым фармаце, які паскарае працэс».
Менавіта таму, адзначае The Atlantic, Украіна адмовілася ад некаторых сваіх папярэдніх патрабаванняў, у прыватнасці пра пакаранне Пуціна і расійскіх генералаў за ваенныя злачынствы ва Украіне. Двое неназваных дарадцаў Зяленскага, якіх цытуе выданне, дапусцілі, што Кіеў, магчыма, гатовы нават адмовіцца ад тэрыторыі Данецкай вобласці, якая цяпер знаходзіцца пад яго кантролем.
«Часам у мяне складаецца ўражанне, што гэта нешта кшталту: «Што яшчэ мы можам прапанаваць украінцам, каб проста паглядзець, ці адмовяцца яны?». Мы нічога не баімся. Ці гатовыя мы да выбараў? Мы гатовыя. Ці гатовыя мы да рэферэндуму? Мы гатовыя», — кажа прэзідэнт Украіны.
Ён кажа, што яго задавальняе рэферэндум, але паўтарыў, што гэта павінна быць «правільнае пагадненне». А ідэя правядзення выбараў падчас вайны, паводле яго слоў, належала расіянам, «таму што яны хочуць пазбавіцца ад мяне».