Ціханоўская напісала ліст прэм'ер-міністру Літвы, але адказу не атрымала
45- 12.02.2026, 23:25
- 17,354
Пра гэта распавёў кіраўнік офіса ў Вільнюсе Кучынскі.
У канцы мінулага года, калі стала зразумела, што Літва змяняе статус аховы Святланы Ціханоўскай, яна напісала ліст прэм'ер-міністру Інзе Ругінене, але адказу не атрымала, — кажа Дзяніс Кучынскі, цяперашні кіраўнік офіса Ціханоўскай у Вільнюсе, — піша delfi.lt.
«Мы ўдзячныя за тое, што нас ахоўвае крымінальная паліцыя, якая забяспечвае нам магчымасць працаваць у Вільнюсе, але мы да канца, да канца мінулага года шукалі кампраміс, як нам дзейнічаць, калі цалкам застаёмся ў Вільнюсе. Мы шукалі гэты кампраміс, Ціханоўская напісала ліст прэм'ер-міністру, але адказу не атрымала», — сказаў Кучынскі.
«Мы спрабавалі сустрэцца, але якосьці так… з іншага боку, з боку Міністэрства замежных спраў, Офіса прэзідэнта ў нас было шмат сустрэч, мы шмат размаўлялі, разглядалі, што і як можна зрабіць. З гэтага боку можна сказаць, што МЗС зрабіў усё, што мог, — у нас ёсць статус, дыпламатычная падтрымка (…). З боку Офіса прэзідэнта таксама», — падкрэсліў ён.
З лютага Святлана Ціханоўская з часткай офіса перабралася ў Варшаву, у Вільнюсе кіраўніком місіі стаў Дзяніс Кучынскі.
23 студзеня Інга Ругінене даволі крытычна выказалася пра ад'езд Святланы Ціханоўскай.
«Гэта яе асабістая справа — вырашаць, што яна абярэ», — сказала кіраўніца ўрада ў інтэрв’ю Delfi.
«Я не бачу ні дадатковай карысці, ні страт. Нашы кантакты з беларускай апазіцыяй вельмі трывалыя, і не толькі са Святланай. Апазіцыя — гэта не толькі Святлана, гэта значна больш людзей. Я рада, што былі вызваленыя апошнія лідары, якія таксама ўдзельнічалі ў прэзідэнцкіх выбарах. Мне здаецца, гэта вельмі важна», — падкрэсліла тады Інга Ругінене.