Пасля ўдару «Фламінга» ў Валгаградскай вобласці гарыць і дэтануе арсенал Мінабароны РФ
17- 12.02.2026, 8:31
- 32,104
Насельніцтва эвакуююць.
Уначы на 12 лютага беспілотнікі і ракеты атакавалі арсенал ГРАУ ў пасёлку Котлубань Валгаградскай вобласці. У выніку удараў па варожым аб’екце пачалася магутная дэтанацыя, паведамляе «Обозреватель».
Пасля удараў па складзе мясцовыя ўлады праводзяць эвакуацыю насельніцтва бліжэйшага населенага пункта. Пра гэта паведамляюць маніторынгавыя Telegram-каналы.
Падрабязнасці аперацыі
Паводле звестак відавочцаў, выбухі прагрымелі ў пасёлку каля 1:30 ночы, а праз пэўны час пачалася дэтанацыя. Над складам ГРАУ ўзняўся велізарны слуп агню, які назіралі з адлегласці ў некалькі кіламетраў.
Таксама расіяне паскардзіліся, што з-за дэтанацыі ў дамах пачалі асыпацца шыбы і дрыжаць сцены. Паводле папярэдніх дадзеных, акрамя БПЛА для атакі на варожы склад было выкарыстана ракетнае ўзбраенне.

Губернатар Валгаградскай вобласці Андрэй Бачараў заявіў, што падраздзяленні СПА Міністэрства абароны РФ нібыта адбілі ракетную атаку, а пажар і дэтанацыя на складзе боепрыпасаў адбыліся «ў выніку падзення абломкаў».
Таксама чыноўнік заявіў, што з мэтай забеспячэння бяспекі грамадзянскага насельніцтва ад пагрозы дэтанацыі падчас тушэння пажару абвешчана і вядзецца эвакуацыя населенага пункта Котлубань. Эвакуаваных расіян размесцяць у доме культуры і ДЮСШ.
Хоць улады РФ не раскрываюць, на якім менавіта аб’екце Мінабароны зафіксаваныя наступствы ракетнага ўдару, OSINT-каналы мяркуюць, што гэта можа быць ГРАУ — Галоўнае ракетна-артылерыйскае ўпраўленне Мінабароны РФ. Аб’ект размешчаны менавіта ў гэтым раёне. Аднак на момант публікацыі афіцыйнага пацвярджэння гэтых звестак няма.
Расіяне ў сетцы сцвярджаюць, што Валгаградскую вобласць атакавалі ўкраінскія ракеты «Фламінга».
Што вядома пра склад ГРАУ
Арсенал ГРАУ в/ч 57229-51, які размешчаны ў пасёлку Котлубань Валгаградскай вобласці, з’яўляецца адным з ключавых лагістычных вузлоў Міністэрства абароны РФ. Гэты аб’ект належыць да Галоўнага ракетна-артылерыйскага ўпраўлення (ГРАУ) і служыць важнай базай для захоўвання, абслугоўвання і мадэрнізацыі боепрыпасаў.
Плошча аб’екта складае каля 3,5 кв. км. Праектная магутнасць арсенала, паводле розных ацэнак, можа дасягаць 264 тысяч тон боепрыпасаў. На тэрыторыі захоўваюцца артылерыйскія снарады, ракеты для РСЗА («Град», «Смерч», «Ураган») і, паводле даных украінскай разведкі, аператыўна-тактычныя ракеты.
Аб’ект мае чыгуначныя пад’ездныя шляхі, што дазваляе аператыўна прымаць і адпраўляць буйныя партыі ўзбраення эшалонамі. Склад у Котлубані адыгрывае стратэгічную ролю ў забеспячэнні расійскай акупацыйнай арміі. Арсенал знаходзіцца прыкладна за 300–450 км ад мяжы з Украінай, што робіць яго зручным «хабам» для перавалкі грузаў, якія потым дастаўляюцца бліжэй да лініі фронту.