Расіяне за год перадалі ў ФСБ 150 тысяч даносаў адзін на аднаго
7- 11.02.2026, 21:14
- 1,496
Практыка даносніцтва ў Расіі набыла сістэмны характар.
На працягу 2025 года грамадзяне Расіі праз «тэлефоны даверу» накіравалі ў ФСБ амаль 150 тысяч паведамленняў аб меркаваных правапарушэннях. Паводле справаздачы, апублікаванай на сайце службы, на цэнтральны тэлефон даверу паступіла 68 785 зваротаў, а ў тэрытарыяльныя аддзелы — яшчэ 77 772. З іх «аператыўна значнымі» ФСБ назвала толькі 455 і 15 233 паведамленні адпаведна. Астатнія ведамства ахарактарызавала як «даведачныя і інфармацыйныя», перадае The Moscow Times.
Па выніках наступных праверак да крымінальнай адказнасці па артыкулах аб «тэрарызме» і «дыверсіі» былі прыцягнутыя 18 грамадзян. Таксама сілавікі ўзбудзілі 20 спраў аб ілжэмініраваннях, тры чалавекі былі асуджаныя за распаўсюджванне «недаставернай інфармацыі тэрарыстычнага характару», яшчэ чацвёра — прыцягнутыя да адміністрацыйнай адказнасці.
Практыка даносніцтва ў Расіі набыла сістэмны характар пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне. Як падлічыў паблік «Асцярожна, навіны», толькі Z-патрыёты з пачатку 2024 года па красавік 2025-га напісалі не менш як 350 публічных даносаў, каля 40% з іх прывялі да адмены мерапрыемстваў, узбуджэння крымінальных спраў або прымусовых выбачэнняў. Найбольш выніковай апынулася кіраўніца «Лігі бяспечнага інтэрнэту» Кацярына Мізуліна: 60% яе зваротаў скончыліся пераследам грамадзян. Таксама сярод актыўных даносчыкаў — «Руская абшчына», рух «Сорак соракаў», Віталь Бародзін і арганізацыя «Заклік народа».
У розных структурах пачалі з’яўляцца ўнутраныя механізмы заахвочвання падобных паведамленняў. Так, з студзеня 2026 года ў Ніжагародскай вобласці чыноўнікам, якія паведамілі пра спробу падкупу, выплачваюць прэмію ў памеры паловы акладу. У Прэзідэнцкай акадэміі РАНХіГС студэнтаў і выкладчыкаў абавязалі сігналізаваць пра парушальнікаў «кодэкса этыкі». Авіякампанія «Расія» прадпісала супрацоўнікам даносіць на калег з антываеннымі поглядамі, а Пензенскі дзяржаўны ўніверсітэт — паведамляць пра «дзіўныя паводзіны» знаёмых. Таварыства «Веданне» размясціла форму для скаргаў на «падазроныя» лекцыі «інагентаў».
Асобныя ініцыятывы датычацца аховы здароўя. Фонд «Жанчыны за жыццё» запусціў чат-бот, дзе цяжарным дзяўчатам прапануюць паведамляць пра лекараў, сваякоў або партнёраў, якія раяць зрабіць аборт. А Расійская праваслаўная царква сіламі «дабравольцаў» праверыла больш за тысячу прыватных клінік і накіравала 732 звароты ў наглядныя ведамствы з патрабаваннем пакараць медыцынскія ўстановы за правядзенне абортаў.
МУС РФ, у сваю чаргу, выпусціла метадычныя рэкамендацыі для грамадзян па выяўленні «тэрарыстаў», парэкамендаваўшы даносіць на людзей у «адзенні, не адпаведным сезону», з буйнымі сумкамі або са «звыш меры засяроджаным» выразам твару.