Крэмль не прыме ўдзел у першым пасяджэнні «Савета міру» Трампа
5- 11.02.2026, 19:13
- 2,284
Пасяджэнне адбудзецца 19 лютага ў Вашынгтоне.
Крэмль пакуль не мае намеру накіроўваць сваіх прадстаўнікоў на першае пасяджэнне «Савета міру», створанага прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам. Пра гэта RTVI паведаміў прадстаўнік расійскага дыктатара Дзмітрый Пяскоў.
«Ад Крамля ніхто не плануе. Тэма «Савета» па-ранейшаму прапрацоўваецца ў МЗС», — сказаў ён.
Падчас пасяджэння Дзярждумы сёння, 11 лютага, міністр замежных спраў РФ Сяргей Лаўроў заявіў, што ведамства прапрацоўвае сваё стаўленне да арганізацыі. «Нашы адносіны да «Савета міру» — цяпер мы іх прапрацоўваем, ўлічваем, як насцярожана да гэтай ідэі паставіліся вельмі многія краіны на Захадзе і на Усходзе, уключаючы пастаянных членаў Савета бяспекі ААН», — сказаў кіраўнік МЗС РФ.
Першае пасяджэнне адбудзецца 19 лютага ў Вашынгтоне, паведамілі крыніцы The New York Times (NYT) і Axios. Паводле крыніцы NYT, адной з галоўных тэм будучага саміту стане збор сродкаў на рэканструкцыю сектара Газы.