У Сербіі здымаюць фільм па «Альпійскай баладзе» Васіля Быкава
2- 11.02.2026, 17:43
- 1,384
У інтэрнэце апублікавалі першыя кадры са здымак.
У сеціве апублікавалі першыя кадры ваеннай меладрамы «Альпійская балада», якую здымаюць па аднайменнай аповесці Васіля Быкава. Гэты праект стаў сумеснай працай расійскіх і сербскіх кінематаграфістаў, піша «Кинопоиск».

Здымкі праходзяць на Балканах, а дзеянне фільма разгортваецца ў 1943 годзе. Галоўную ролю савецкага салдата Івана, які ўцякае з канцлагера ў італьянскіх Альпах, выконвае расійскі акцёр Іван Янкоўскі (ён вядомы, напрыклад, па ролях у серыялах «Слово пацана» і «Аутсорс»).

Падчас уцёкаў герой сустракае нямецкую кіназорку Дытэра Шульцэ, якога грае Мілаш Бікавіч, а таксама італьянскую антыфашыстку Джулію (Дэніз Сардыска). Трое герояў праводзяць разам тры дні і, нягледзячы на розныя мовы, знаходзяць паразуменне.

На фоне маляўнічых краявідаў разгортваецца гісторыя кахання паміж Іванам і Джуліяй, якія вымушаныя змагацца з голадам, пераследамі і пастаяннай пагрозай смерці.

Рэжысёрам стужкі стаў Андрэй Багатыроў, вядомы па фільмах «Красный призрак» і «Вампиры средней полосы». Прэм'ера фільма запланавана на вясну 2027 года.

Аповесць «Альпійская балада» лічыцца адной з самых вядомых у творчасці Быкава і перакладзена больш чым на 50 моў. Гэта ўжо другая яе экранізацыя: каля 60 гадоў таму фільм паводле гэтага твора зняў Барыс Сцяпанаў, а галоўныя ролі выканалі Любоў Румянцава і Станіслаў Любшын.

