Беларусь накрыюць сняг, туман і галалёд
- 11.02.2026, 17:01
- 1,490
Сіноптыкі абвясцілі жоўты ўзровень небяспекі на 12 лютага.
Сіноптыкі Белгідрамета абвясцілі на чацвер, 12 лютага, жоўты ўзровень небяспекі. На гэты раз краіну накрыюць тры надворныя пагрозы – галалёдзіца, туман і моцны снегапад. Апошні, дарэчы, чакаецца ўначы на поўначы рэспублікі, то бок па Віцебшчыне.
Аўтары тэматычнага Telegram-канала «Метеовайб» дадалі, што заўтра Беларусь апынецца пад уплывам «фронтальных раздзелаў і яшчэ больш цёплай паветранай масы», якая ідзе да нас з поўдня Еўропы. Гэта значыць, што на большай частцы краіны пройдуць ападкі. На поўначы – у выглядзе снегу, на поўдні – з дажджом. Гэтую карціну дапоўняць галалёд, туман і галалёдзіца.

Што да тэмпературы, яна працягне расці. Напрыклад, у Мінску ўдзень будзе ў межах -1..+1°С. Сіноптыкі адзначылі, што гэта першая адліга ў сталіцы за апошнія 40 дзён марозу.
Ці надоўга пацяплее?
На жаль, цяпло ў Беларусі надоўга не затрымаецца. Ужо ў гэтыя выхадныя, 14–15 лютага, ў тыле цыклона тэмпература пачне падаць, і ў нядзелю, паводле даных Еўрапейскага цэнтра сярэднетэрміновых прагнозаў (ECMWF), на поўначы не выключаныя 20-градусныя маразы. Увогуле, надвор'евыя арэлі працягваюцца.