«Лукойл» страціў кантроль над НПЗ у Еўропе з-за санкцый
- 11.02.2026, 15:49
- 1,216
Але ёсць нюанс.
Французская кампанія TotalEnergies атрымала поўны кантроль над нафтаперапрацоўчым заводам Zeeland у Нідэрландах, дзе 45% акцый належаць «Лукойлу». У той жа час французскі канцэрн не выкупіў долю расійскай кампаніі.
Пра гэта паведамляе Reuters.
Паводле слоў генеральнага дырэктара TotalEnergies Патрыка Пуянэ, канцэрн не выкупляў 45-працэнтную долю НПЗ, якая належыць расіянам.
Ён патлумачыў, што дзеючае пагадненне з «Лукойлам» дазваляе кампаніі часова самастойна кіраваць заводам. Згодна з дамоўленасцямі, Total пастаўляе на прадпрыемства ўсю нафту-сырэц, пакрывае аперацыйныя выдаткі і атрымлівае ўсю вырабленую прадукцыю.
«Было зразумела, што «Лукойл» павінен сысці... але гэта іх справа, каму прадаваць», — заявіў Пуянэ.
Ён адзначыў, што такая мадэль кіравання будзе дзейнічаць да таго часу, пакуль расійская кампанія не знойдзе пакупніка на сваю долю.
Што вядома пра здзелку
Расійская кампанія набыла 45% акцый Zeeland у 2009 годзе прыкладна за 725 млн долараў падчас візіту тагачаснага прэзідэнта РФ Дзмітрыя Мядзведзева ў Нідэрланды. Тады здзелку разглядалі як пашырэнне энергетычнага ўплыву Масквы ў Еўропе.
Урад Нідэрландаў заявіў, што рашэнне адносна кіравання заводам з'яўляецца ўнутранай карпаратыўнай справай, паколькі сам НПЗ фармальна не знаходзіўся пад санкцыямі.
Раней TotalEnergies паведаміла, што яе прыбытак ад перапрацоўкі нафты ў чацвёртым квартале вырас больш як на 200%.
Санкцыі ЗША супраць «Лукойла»
У кастрычніку 2025 года Міністэрства фінансаў ЗША ўвяло санкцыі супраць двух нафтавых гігантаў Расіі — «Раснафты» і «Лукойла».
На гэтым фоне некалькі еўрапейскіх краін, дзе ёсць НПЗ «Лукойла», пачалі шукаць рашэнні, каб не дапусціць спынення працы заводаў.
У прыватнасці, нафтавы гігант спрабаваў прадаць свае замежныя актывы швейцарскаму трэйдару Gunvor. Аднак кампанія адмовілася ад здзелкі пасля таго, як Міністэрства фінансаў ЗША назвала яе «марыянэткай Крамля».
У студзені 2026 года ў кампаніі заявілі, што «Лукойл» заключыў пагадненне аб продажы сваіх міжнародных актываў амерыканскаму інвестыцыйнаму фонду Carlyle.
Праўда, гэтую здзелку яшчэ павінна ўзгадніць Упраўленне па кантролі за замежнымі актывамі Казначэйства ЗША (OFAC).