У Беларусі ўводзяць новыя правілы для гульцоў у казіно
- 11.02.2026, 10:31
- 1,344
Банкі будуць блакаваць некаторыя плацяжы.
З 11 сакавіка беларусы не змогуць пералічваць грошы з банкаўскіх картак на гульні ў замежных анлайн-казіно. Банкі павінны будуць адхіляць такія плацяжы — гэта значыць фактычна забароняць пералічванні на замежныя гульнявыя сэрвісы. Пра гэта паведаміла прэс-служба Міністэрства па падатках і зборах, піша «Зеркало».
З 11 сакавіка грамадзяне Беларусі не змогуць пералічваць грошы са сваіх беларускіх рахункаў на карысць замежных анлайн-казіно. Банкі будуць абавязаныя адмаўляць кліентам у правядзенні падобных аперацый. Міністэрства па падатках і зборах паведаміла, што гэтыя новаўвядзенні пачнуць дзейнічаць згодна з указам Лукашэнкі «Аб дзейнасці ў сферы ігральнага бізнесу», прынятым летась.
Таксама новыя патрабаванні ўводзяцца для беларускіх арганізатараў азартных гульняў. Яны павінны будуць правяраць не толькі пашпарт гульца, але і яго банкаўскую картку і рахунак — каб упэўніцца, што яны сапраўды належаць менавіта гэтаму чалавеку, а не камусьці іншаму.
У «наземных» ігральных установах такая праверка будзе праводзіцца двойчы — пры ўваходзе і ў касе, каб улічваць сумы, унесеныя кожным гульцом.
Яшчэ адно новаўвядзенне датычыць гульнявых уліковых запісаў. У адной віртуальнай ігральнай установе гулец зможа мець толькі адзін уліковы запіс, паўторна зарэгістраваныя ўліковыя запісы будуць блакавацца. Пры рэгістрацыі ўліковага запісу ў анлайн-казіно дадаткова давядзецца прайсці відэаправерку праз інтэрнэт або асабіста наведаць наземную ігральную ўстанову, якая належыць арганізатару.
Акрамя гэтага, з 11 сакавіка 2026 года арганізатарам азартных гульняў больш не трэба будзе ўзгадняць правілы з МПЗ — яны будуць зацвярджаць іх самі.