ЕС заклікаў Іран вызваліць з турмы нобелеўскую лаўрэатку міру Наргес Махамадзі
- 11.02.2026, 6:03
Неадкладна і без усялякіх умоў.
Еўрасаюз заклікаў улады Ірана неадкладна і без усялякіх умоў вызваліць Наргес Махамадзі. У Еўрапейскай службе знешніх дзеянняў заявілі, што абвінавачанні супраць нобелеўскай лаўрэаткі міру грунтуюцца выключна на яе праваабарончай дзейнасці.
«Праваабаронцы павінны мець магчымасць выказваць сваё меркаванне і ажыццяўляць сваю законную дзейнасць, не баючыся турэмнага зняволення або пераследу», — адзначылі ў еўрапейскай службе.
Прадстаўнікі ЕС нагадалі, што Тэгеран звязаны абавязацельствамі паводле міжнароднага права ў галіне правоў чалавека, уключаючы Міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах. Таму ўлады краіны абавязаныя захоўваць свабоду выказвання меркаванняў, права на свабоду аб’яднанняў і мірных сходаў.
Наргес Махамадзі займае пасаду віцэ-прэзідэнткі Цэнтра праваабаронцаў у Іране. За апошнія 20 гадоў улады неаднаразова пазбаўлялі яе волі за апазіцыйныя погляды, журналісцкую і праваабарончую дзейнасць. У 2023 годзе яе ўганаравалі Нобелеўскай прэміяй міру за намаганні ў барацьбе супраць уціску жанчын у Іране і за прасоўванне правоў і свабод чалавека для ўсіх. 8 лютага гэтага года яе прысудзілі да сямі з паловай гадоў турмы.