Алесь Бяляцкі ўзяў удзел у сустрэчах у парламенце Нарвегіі
- 10.02.2026, 23:46
Лаўрэат Нобелеўскай прэміі абмеркаваў сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі.
10 лютага ўдзел у мерапрыемствах нарвежскага парламента (Стортынга) узяў старшыня праваабарончага цэнтра «Вясна», лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру 2022 года Алесь Бяляцкі.
Паводле інфармацыі «Вясны», Бяляцкі сустрэўся са старшынём парламента Масудам Гарахані і дэлегацыяй Парламенцкай асамблеі АБСЕ, падчас сустрэч асноўная ўвага была нададзена сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі.
Паведамляецца, што Гарахані падкрэсліў важнасць асабістай сустрэчы з беларускім праваабаронцам, які, «нягледзячы на велізарныя асабістыя цяжкасці, не адступіў ні на крок у сваёй барацьбе за правы чалавека і дэмакратыю ў Беларусі».

У ходзе перамоваў асобна абмяркоўвалася сітуацыя з палітвязнямі, якая, паводле слоў кіраўніка дэлегацыі Стортынга ў Парламенцкай асамблеі АБСЕ Марыюса Арыёна Нільсена, «застаецца вострай». Нільсен адзначыў, што ў Беларусі па-ранейшаму шмат палітычных зняволеных. «І для нас важна атрымаць уяўленне пра іх становішча», — падкрэсліў ён.
Запрашэнне Бяляцкаму накіравала дэлегацыя Стортынга ў АБСЕ. У сустрэчы таксама ўзялі ўдзел члены дэлегацыі Стортынга ў Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы (ПАРЕ).