Зяленскі падпісаў указ аб кантрактнай службе ў ЗСУ для мужчын старэйшых за 60 гадоў
- 10.02.2026, 23:29
- 1,012
Яны могуць заключыць гадавы кантракт з магчымасцю падаўжэння яшчэ на адзін год падчас ваеннага становішча.
Украінскім мужчынам старэйшым за 60 гадоў дазволілі падпісваць гадавы кантракт на службу ў ЗСУ з магчымасцю падаўжэння яшчэ на адзін год падчас ваеннага становішча. Адпаведны ўказ падпісаў украінскі прэзідэнт Уладзімір Зяленскі.
Дакумент рэгулюе працэдуру прыёму на службу ўкраінцаў старэйшых за 60 гадоў і ўдакладняе шэраг працэдур, звязаных з падрыхтоўкай, прызначэннем, пераводам і звальненнем вайскоўцаў.
Мужчыны старэйшыя за 60 гадоў могуць служыць у ЗСУ па кантракце з пісьмовай згоды камандзіра вайсковага падраздзялення і пры ўмове, што вайскова-медыцынскія камісіі прызналі іх прыдатнымі да вайсковай службы паводле стану здароўя. Калі гаворка ідзе пра заключэнне кантракту на афіцэрскую пасаду, камандзір можа даць на гэта пісьмовую згоду толькі пасля ўхвалення кандыдатуры Генштабам ЗСУ.
У выпадку адмены ваеннага становішча кантракты з мужчынамі старэйшымі за 60 гадоў датэрмінова спыняюцца, а вайскоўцаў звальняюць са службы.