3 сакавiка 2026, aўторак, 5:37
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Барыслаў Бяроза: Рэжым Лукашэнкі рухне па прынцыпе даміно

8
Барыслаў Бяроза: Рэжым Лукашэнкі рухне па прынцыпе даміно
Барыслаў Бяроза

ЗСУ могуць ударыць па «кашальках» дыктатара.

У выданні Forbes выйшаў артыкул, дзе адзначаецца: дзеянні рэжыму Лукашэнкі на беларуска-ўкраінскай мяжы сталі прычынай пераходу Узброеных сіл Украіны ў стан падвышанай гатоўнасці, а ўзровень ваеннай напружанасці на паўночным кірунку працягвае расці.

Наколькі рэальнымі з'яўляюцца ваенныя пагрозы з боку рэжыму Лукашэнкі ў найбліжэйшай перспектыве і якіх менавіта сцэнарыяў павінна баяцца Украіна?

Такое пытанне сайт Charter97.org задаў украінскаму палітычнаму дзеячу, экс-дэпутату Вярхоўнай Рады Барыславу Бярозу:

— Пачнём з таго, што рэжым Лукашэнкі не можа несці ніякай рэальнай, фактычнай ваеннай пагрозы, але можа даць сваю тэрыторыю як плацдарм для атакі на Украіну расійскім войскам. Гэта адзіная, але адначасова і самая галоўная небяспека для Украіны. На сённяшні дзень колькасць расійскіх войскаў, якія знаходзяцца на тэрыторыі Беларусі, пагрозы не ўяўляе. Таксама маніторынгі ўкраінскай разведкі паказваюць, што цяпер сярод беларусаў надзвычай непапулярная думка пра ўдзел у вайне супраць Украіны.

Тым больш што стары наратыў «абы не было вайны» актыўна выкарыстоўваецца Лукашэнкам для ўзмацнення сваёй улады і падтрымкі. Як толькі труны пачнуць прыязджаць у дамы беларусаў, пасыплецца не толькі ўлада Лукашэнкі, але і ўся падтрымка, уся вертыкаль. Таму ён гэта добра разумее.

Але, з другога боку, гэтак жа ён можа рана ці позна даць сваю тэрыторыю для паўторнай атакі, як гэта было ў 2022 годзе, калі хто забыўся. Яго можа матываваць што заўгодна — пачынаючы ад асабістай бяспекі і заканчваючы грашыма. Прадаць беларусаў і будучыню Беларусі за грошы для Лукашэнкі не стане ніякай праблемай.

Яго асабістыя інтарэсы, а таксама інтарэсы яго сям’і для яго вышэй за ўсё астатняе. Гэта адзіная рэальная небяспека, якая існуе. Усё астатняе — гэта імітацыя бурнай дзейнасці, якую дыктатар цяпер дэманструе для падтрымання сваёй ваяўнічай рыторыкі. Насамрэч мы ўсе ведаем, што дзеянні Лукашэнкі нагадваюць дзеянні імпатэнта: паказаць можа, але зрабіць нічога не можа.

— Якія дзеянні ЗСУ здольныя мінімізаваць пагрозу паўторнага нападу расійскіх войскаў з тэрыторыі Беларусі? Якім павінен быць адказ Украіны ў выпадку, калі такая пагроза зноў стане рэальнай?

— На сённяшні дзень там даволі сур’ёзна сканцэнтраваныя ўкраінскія войскі, а таксама замініраваныя ўсе адпаведныя паласы. Генштаб Украіны паведамляе, што ідзе пастаянны маніторынг сітуацыі.

Лукашэнка ведае, што яго можа матываваць не толькі атрыманне грошай, але і нанясенне яму прамой шкоды. Напрыклад, удар па Мазырскім нафтаперапрацоўчым заводзе — а гэта асабістыя грошы, асабісты «кашалёк» Лукашэнкі — можа яго сур’ёзна дэматываваць.

Таму Украіна папярэдзіла: у выпадку, калі Беларусь будзе выкарыстана як плацдарм для наступу на Украіну, будуць нанесены ўдары па ўсіх прадпрыемствах, якія адносяцца да арбіты Лукашэнкі і яго фінансавых «кашалькоў». Такім чынам, нават атрымаўшы досыць вялікія грошы ад Крамля, ён страціць яшчэ больш на тэрыторыі Беларусі.

— Кіраўнік МЗС Украіны Андрэй Сібіга заявіў, што галоўнай пагрозай з’яўляецца менавіта рэжым Лукашэнкі, а не беларускае грамадства. Якія канкрэтныя меры ціску на рэжым Кіеў можа і павінен ужываць?

— Рэальныя меры — гэта ўзняцце тэмы Лукашэнкі на ўзроўні Міжнароднага крымінальнага суда, увядзенне дадатковых санкцый і ўзмацненне прапускных рэжымаў на мяжы Еўразвязу з Беларуссю. Акрамя таго, неабходна даволі актыўна займацца падтрымкай сапраўднай беларускай апазіцыі і ўзаемадзеяннем з тымі людзьмі, якія гатовыя прасоўваць ідэю пра тое, што Лукашэнка сёння — вораг, а беларусы — не. Тут, у прынцыпе, усё даволі проста.

Іншая праблема ў тым, што на Беларусь ужо накладзена вялікая колькасць санкцый, і Лукашэнка ратуецца дзякуючы саюзу з Расійскай Федэрацыяй. Высмоктваючы грошы і рэсурсы з Расіі, ён падтрымлівае сваю ўладу. Калі ж расійскі рэжым упадзе, рэжым Лукашэнкі рухне дакладна так — па прынцыпе даміно.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках