У Мінску мужчына накінуўся з нажом на школьнікаў
13- 10.02.2026, 9:08
- 4,890
Перад гэтым ён размаўляў сам з сабой.
У Мінску агучылі прысуд 47-гадоваму жыхару горада, якога абвінавачвалі ў асабліва злосным хуліганстве, піша агенцтва «Мінск-Навіны».
Увечары кампанія падлеткаў гуляла па Кіеўскім скверы. Падлеткі ўбачылі п’янага грамадзяніна, які нешта гаварыў сабе пад нос. Яны пацікавіліся, ці ўсё ў мужчыны ў парадку, на што той пачаў нецэнзурна выказвацца ў іх адрас, пагражаць, а потым дастаў нож і накіраваў лязо ў бок непаўналетняга хлопца. Той адбег на бяспечную адлегласць. Акрамя таго, фігурант ударыў рукой па галаве другога юнака.
Мужчына з сабакам, які праходзіў паблізу, затрымаў хулігана — выбіў у яго з рук нож і паваліў на зямлю. Нарад міліцыі затрымаў зламысніка. У дачыненні да яго ўзбудзілі крымінальную справу. У судзе абвінавачаны віну не прызнаў. Ён сцвярджаў, што яго нібыта абмоўваюць.
Суд прызнаў яго вінаватым у асабліва злосным хуліганстве і, улічваючы папярэдні прысуд, прызначыў канчатковае пакаранне ў выглядзе трох гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
Акрамя таго, ён павінен прайсці прымусовае лячэнне ад хранічнага алкагалізму і наркаманіі.