27 кастрычнiка 2026, aўторак, 21:47
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Мінску даішнік дапамагаў байкеру запусціць заглухлы матацыкл

1
У Мінску даішнік дапамагаў байкеру запусціць заглухлы матацыкл
Ілюстрацыйнае фота

Відэа «завірусілася» ў сетцы.

Супрацоўнік ДАІ пад дажджом дапамагаў матацыклісту запусціць заглухлы байк. «Ажывіць» двухколавага каня «з талкача» не ўдалося, але відэа спробы, якое 25 кастрычніка апублікавала карыстальніца Threads, «завірусілася» ў сацсетцы і сабрала дзясяткі каментарыяў, заўважыла «Зеркало».

«Я сёння назірала дзівосную карціну. Міліцыянт бег і штурхаў матацыкл, што заглух у хлопца. Пад дажджом, доўга і ўпарта. Дабро існуе», — напісала yulia_karklina.

Да свайго паста мінчанка далучыла два відэа. У роліках відаць, як інспектар стаіць каля матацыкла, што спыніўся ля абочыны, а затым штурхае двухколавы транспарт, спрабуючы дапамагчы байкеру запусціць заглухлы рухавік. «Ажывіць» байк ім не ўдалося. У выніку матацыкл адганілі на паркоўку на другім баку дарогі.

Пост мінчанкі сабраў больш за 130 тысяч праглядаў і звыш 100 каментарыяў. У абмеркаванні адзначыўся нават адзін з герояў роліка — той самы матацыкліст. Байкер распавёў, што яго спынілі для праверкі дакументаў «з наступнай гутаркай у салоне [службовай] машыны».

«Пакуль матацыкл стаяў на аварыйцы, акум разрадзіўся. Так, супрацоўнік ДПС паспрабаваў дапамагчы, за што яму дзякуй. Сапраўдны MVP (у перакладзе з англійскай — самы каштоўны гулец. — Заўв. рэд.) сітуацыі — гэта сусед з вашага дома. Мы не былі знаёмыя — ён убачыў сітуацыю і праз пару хвілін спусціўся з бустарам для зарадкі акумулятара і дапамог запусціць байк. Ён выратаваў сітуацыю, за што яму вялізарны дзякуй», — напісаў матацыкліст.

Іншыя карыстальнікі падзяліліся ў каментарах сваім пазітыўным досведам узаемадзеяння з ДАІ.

«У 2022-м я заглухла на Незалежнасці на павароце да вакзала. Паток аўтамабіляў. Выйсці нерэальна. Знікла счапленне. Літаральна праз дзве-тры хвіліны, пакуль я званіла ў сэрвіс, прыехала ДАІ, і інспектар хутка ўсё распытаў, сказаў сядаць на пасажырскае месца, і я проста не ведаю, як ён без счаплення дакатаў машыну да бяспечнай абочыны на павароце. І сказалі: мы папярэдзілі калег, што вы чакаеце эвакуатар у недазволеным месцы, — не хвалюйцеся, вас не аштрафуюць. Я нават як след не паспела спалохацца, як яны пад’ехалі і дапамаглі», — падзялілася ulik_remi.

«А мяне з трохмесячным сынам супрацоўнікі ДПС завезлі дадому ў люты холад у 2013-м. Бо мне, дурніцы, прыпякло ў гэты дзень абавязкова везці дзіця ў медцэнтр. Стаялі з ім у заторы дзве гадзіны», — распавяла marichaklimova.

«Гадоў дзесяць таму заглух на перакрыжаванні і не завёўся. Пад’ехаў экіпаж ДАІ, спыталі, што здарылася. Сказалі: руляйце, выталкалі з перакрыжавання без праблем», — далучыўся да дыскусіі vadzim878.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках

▲