У аўташколах Беларусі рэзка павялічаць практыку кіравання
9- 22.10.2026, 16:26
Да 70 гадзін.
У Беларусі хочуць павялічыць практыку кіравання ў аўташколах з 50 да 70 гадзін. Пры гэтым агульная працягласць навучання застанецца ранейшай. Пра гэта на прэс-канферэнцыі ў Мінску расказаў начальнік упраўлення аўтамабільнага і гарадскога пасажырскага транспарту Мінтранса Андрэй Гладкі.
Паводле яго слоў, цяпер карэктуюць адзіныя праграмы падрыхтоўкі вадзіцеляў. Гэта частка камплексу мер па павышэнні якасці навучання, зацверджанага ўрадам. «Мы захоўваем колькасць гадзін навучання, але павялічваем колькасць гадзін практычнага навучання — кіравання. Плануецца, што гэтая лічба складзе 70 гадзін», — патлумачыў Гладкі.
Акрамя таго, аўташколы змогуць шырэй выкарыстоўваць у навучанні трэнажоры і праграмныя прадукты.
Таксама будзе ўзмоцнены кантроль за практычнымі заняткамі: вучэбныя аўтамабілі павінны абсталяваць сістэмамі відэа- і аўдыяфіксацыі. Камеры будуць запісваць і дарогу перад аўтамабілем, і абстаноўку ў салоне. Запіс гуку, паводле слоў Гладкага, стане абавязковым патрабаваннем: гэта дапаможа ацэньваць ход навучання і разбіраць спрэчныя сітуацыі паміж курсантамі і інструктарамі.
Відэа і аўдыя прапануецца захоўваць месяц, а запісы кантрольных заняткаў і экзаменаў — шэсць месяцаў.
У Мінтрансе нагадалі, што падобная практыка ўжо дзейнічае ў таксі: відэарэгістратары там павысілі дысцыпліну і дапамаглі вырашаць канфлікты. Ведамства разлічвае на такі ж вынік у аўташколах.
Адзначым, змены ў аўташколах пачаліся пасля крытыкі Лукашэнкі. Ён заявіў, што «і мыш, і пацук, і журавель — усе на аўтамабілі».