Амерыканскія вайскоўцы захапілі расійскі танкер Marinera
62- 7.01.2026, 17:22
- 40,892
Пра гэта абвясціла Еўрапейскае камандаванне Узброеных сіл ЗША.
Танкер Bella 1, што выйшаў з Венесуэлы, змяніў назву на Marinera і перайшоў пад расійскі сцяг, быў затрыманы ў Паўночным моры, абвясціла Еўрапейскае камандаванне Узброеных сіл ЗША.
Судна, якое амерыканскія караблі пераследавалі каля двух тыдняў, было ўзята пад кантроль за парушэнне санкцый у адпаведнасці з ордэрам Федэральнага суда ЗША, гаворыцца ў рэлізе камандавання.
Аперацыя была праведзеная пры падтрымцы міністэрства вайны ЗША ў адпаведнасці з патрабаваннем прэзідэнта Дональда Трампа аб мерах супраць танкераў, што парушаюць санкцыі і пагражаюць бяспецы Заходняга паўшар'я, падкрэслівае US EU COM.
Масква раней звярнулася да ЗША з просьбай спыніць пераслед танкера і, паводле даных The Wall Street Journal, накіравала ў Атлантыку для яго суправаджэння падводную лодку. Расійскія ваенныя караблі знаходзіліся побач з суднам падчас затрымання. Аднак, відаць, ніякіх дзеянняў не прадпрынялі.
Таксама, паводле Financial Times, да месца правядзення аперацыі накіраваліся самалёты Ваенна-паветраных сіл (ВПС) ЗША Pilatus U-28 Draco і самалёт каралеўскіх Ваенна-паветраных сіл (ВПС) Poseidon MRA1, які можа выкарыстоўвацца для барацьбы з падводнымі лодкамі і назірання.
Суразмоўцы CBS News раней паведамілі, што ЗША вырашылі ўзяць танкер на абордаж, а не тапіць яго. Падобным чынам Берагавая ахова і сілы спецаперацый ЗША ў снежні захапілі танкер The Skipper, які ішоў з Венесуэлы пад сцягам Гаяны.

