У Аргенціне з’явіцца другі па ўмяшчальнасці футбольны стадыён у свеце
1- 28.01.2026, 20:28
- 1,436
«Рывер Плэйт» павялічыць умяшчальнасць свайго стадыёна да 101 000 месцаў.
Аргентынскі клуб «Рывер Плэйт» абвясціў пра запуск праекта па пашырэнні свайго хатняга стадыёна «Монумэнталь». Пра гэта паведамляе прэс-служба каманды.
Умяшчальнасць арэны плануецца павялічыць з бягучых 85 тыс. да 101 тыс. гледачоў.
«Гэта гістарычны дзень. «Рывер Плэйт» працягвае шлях мадэрнізацыі, развіцця і лідарства ў спартыўнай інфраструктуры, замацоўваючы за стадыёнам статус найбуйнейшага і найзначнейшага ў Амерыцы і ўстанаўліваючы новы сусветны стандарт», — сказаў прэзідэнт клуба Стэфана Дзі Карла.
Пачатак будаўнічых работ запланаваны на першы тыдзень красавіка. Праект будзе рэалізаваны на конкурснай аснове з удзелам дзесяці вядучых будаўнічых кампаній. Прыблізны кошт работ перавышае $100 млн, а агульная працягласць рэканструкцыі складзе каля 36 месяцаў.
Пасля завяршэння прац «Монумэнталь» стане другой па ўмяшчальнасці футбольнай арэнай у свеце. Намінальна найбольшым футбольным стадыёнам застаецца стадыён імя Першага мая Рунградо ў Пхеньяне (114 тыс. месцаў), аднак апошні раз ён прымаў футбольныя матчы ў 2017 годзе. Сярод арэн, якія актыўна выкарыстоўваюцца, лідарам пасля рэканструкцыі стане барсэлонскі «Камп Ноў» (105 тыс. месцаў).
Стадыён «Монумэнталь» узведзены ў 1938 годзе. На ім адбыўся фінал чэмпіянату свету (1978), а таксама два фіналы Кубка Амерыкі (1987 і 2011) і фінал Кубка Лібертадорэс (2024). Плануецца, што «Монумэнталь» стане пляцоўкай для аднаго з матчаў чэмпіянату свету ў 2030 годзе.