«Беларускі» кросовер стаў самым папулярным аўто ў Маскве
6- 28.01.2026, 12:48
- 7,888
Пры гэтым ён цалкам сабраны з кітайскіх кампанентаў.
Па выніках 2025 года самым папулярным новым легкавым аўтамабілем у Маскве стаў «беларускі» кросовер Belgee X50, паведамляе аналітычнае агенцтва «Аўтастат».
Мінулым годам там было прададзена 8 061 аўтамабіль гэтай мадэлі. На другім месцы ў мадэльным рэйтынгу апынуўся кітайскі паркетнік Geely Monjaro — 7 406 прададзеных машын. Трэцюю пазіцыю заняў яшчэ адзін «беларус», які палюбіўся многім расіянам, — Belgee X70. Ён разышоўся тыражом у 6 020 экзэмпляраў.
У пяцёрку найлепшых таксама трапілі Haval Jolion (5 257 прададзеных аўто) і LADA Granta (3 412).
У маркавым рэйтынгу лідарства на рынку Масквы захаваў кітайскі брэнд Geely. За ўвесь мінулы год у расійскай сталіцы прададзена больш за 17 тыс. аўтамабіляў гэтай маркі.
У топ таксама трапілі Haval з вынікам 16 733 прададзеных аўто і Belgee — 14 733 рэалізаваных экзэмпляраў.
Усяго ж у 2025 годзе ў Маскве было прададзена/набыта больш за 172 тыс. новых легкавых машын (на 15% менш, чым у 2024-м). Больш за палову з іх (57%) прыпала на кітайскія маркі. Пры гэтым частка беларускага брэнда Belgee ў продажах павялічылася на некалькі працэнтаў.
Пры гэтым «беларускі» кросовер Belgee X50 фактычна з'яўляецца кітайскай мадэллю Geely Coolray. Аўтамабіль збіраюць у Беларусі з машынакамплектаў, якія пастаўляюцца з Кітая, а ўсе ключавыя вузлы і агрэгаты маюць кітайскае паходжанне.