Суд у РФ прызнаў гібель крэйсера «Масква» пасля атакі ЗСУ
8- 22.01.2026, 23:40
- 8,802
Неўзабаве пасля публікацыі суд выдаліў паведамленне.
2-гі Заходні акруговы ваенны суд раскрыў, што расійскі крэйсер «Масква», які затануў 14 красавіка 2022 года, быў атакаваны ўкраінскімі ракетамі, і ў выніку загінулі 20 чалавек. Але прэс-служба суда выдаліла навіну неўзабаве пасля публікацыі, паведамляе ў чацвер «Медыязона».
У выдаленым паведамленні гаварылася, што размешчаны ў Маскве суд вынес прысуд у справе аб затапленні крэйсера. Камандзіра 406-й артылерыйскай брыгады ВМС Украіны Андрэя Шубіна заочна прысудзілі да пажыццёвага зняволення паводле артыкула аб міжнародным тэрарызме.
Паводле версіі расійскага следства, Шубін аддаў загады нанесці ракетныя ўдары па крэйсеру «Масква» ў Чорным моры каля вострава Змяіны, а таксама па фрэгату «Адмірал Эссен», які быў атакаваны раней у тым жа месяцы. Суд таксама пастанавіў спагнаць з украінскага вайскоўца 2,2 мільярда рублёў.
У прэс-рэлізе суд упершыню прызнае, што па крэйсеру «Масква» быў нанесены ракетны ўдар, адзначае «Медыязона». У паведамленні таксама былі пазначаныя афіцыйныя даныя аб загінулых, а менавіта, што «ад выбуху, пажару і дыму загінула 20 членаў экіпажа крэйсера». Таксама адзначалася, што дваццаць чатыры маракі атрымалі цялесныя пашкоджанні рознай ступені цяжкасці, а восем чалавек — зніклі без вестак, у тым ліку падчас дзеянняў па захаванні плавучасці карабля, якія цягнуліся некалькі гадзін. З-за атакі па «Адміралу Эссену», паводле даных суда, быў паранены адзін чалавек.