Зяленскі анансаваў першую трохбаковую сустрэчу Украіны, ЗША і РФ
4- 22.01.2026, 18:12
- 4,796
Перамовы могуць адбыцца ўжо ў найбліжэйшыя дні ў Эміратах.
Украіна, ЗША і Расія ўпершыню правядуць трохбаковую сустрэчу на тэхнічным узроўні. Яна адбудзецца ўжо ў найбліжэйшыя дні ў Эміратах.
Як перадае «РБК-Украіна», пра гэта прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў на Сусветным эканамічным форуме ў Давосе.
Кіраўнік украінскай дзяржавы нагадаў, што сёння, 22 студзеня, амерыканская дэлегацыя паедзе ў Маскву. Чыноўнікі ЗША чакалі сустрэчы Зяленскага з прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам, каб накіравацца на перамовы з дыктатарам Уладзімірам Пуціным.
«І цяпер яны з'едуць, і мая каманда сустрэнецца з амерыканскай камандай, і я думаю, што гэта будзе першая трохбаковая сустрэча ў Эміратах, і я думаю, што гэта будзе заўтра і паслязаўтра. Так, гэта будзе сустрэча, якая працягнецца два дні ў Эміратах», — сказаў Зяленскі.
Паводле слоў прэзідэнта, ён спадзяецца, што Эміраты ведаюць пра такія планы, бо часам амерыканскі бок ладзіць «сюрпрызы». У любым выпадку перагаворныя каманды туды накіруюцца.
«Я думаю, што гэта добра, калі на тэхнічным узроўні пачнецца гэтая трохбаковая сустрэча... Расіяне павінны быць гатовыя да кампрамісаў, таму што, ведаеце, усе павінны быць гатовыя, не толькі Украіна, і гэта для нас важна», — звярнуў увагу ён.
Прэзідэнт выказаў здагадку, што амерыканскія чыноўнікі могуць сустрэцца ў Маскве з Пуціным у ноч на 23 студзеня або ўжо заўтра ўдзень.
«Магчыма, ім (расіянам — рэд.) давядзецца крыху пачакаць, каб адбылася сустрэча. Я не ведаю. Але заўтра і паслязаўтра ў нас будзе трохбаковая сустрэча, у нашых хлопцаў будзе трохбаковая сустрэча. Гэта лепш, чым не мець ніякага дыялогу. Мы пад ударам, людзі жывуць без электрычнасці, мы ў складанай сітуацыі, але і расіяне таксама ў складанай сітуацыі, і мы адказваем на іх атакі. Дай Бог, вайна спыніцца, я на гэта спадзяюся», — адзначыў Зяленскі.