Тэлевізары замест людзей
17- Тэлеграм-канал «Лісты да дачкі»
- 22.01.2026, 11:23
- 9,964
Эміграцыя беларусаў стала прысудам рэжыму.
ААН днямі палічыў, колькі беларусаў жыве за мяжой. Дакладней, ён палічыў, колькі беларусаў жыло за мяжой у 2024 годзе. І я хачу табе сказаць, што гэта значна горш за самыя змрочныя падлікі, якія былі дагэтуль.
Бо згодна з самымі змрочнымі падлікамі выходзіла, што з Беларусі з 2020 года з’ехалі 600 тысяч чалавек. А ААН налічыў амаль 800 тысяч.
Зразумела, што не ўсе 800 тысяч з’ехалі пасля дваццацатага года. Але чатыры пятыя з іх з’ехалі дакладна. І гэтыя 800 тысяч былі актуальныя ў 2024 годзе. А ў 2025 годзе беларусы таксама выязджалі, хоць, магчыма, ужо і не так хутка, як раней.
І праблема ж не толькі ў тым, што беларусы з’язджаюць. Ну, маю на ўвазе, што гарант, у якога мінае тэрмін, можа, і не супраць быў бы замяніць няўдзячных беларусаў нейкім удзячным яму народам. Але замяніць няма кім.
На месца 800 тысяч беларусаў, што з’ехалі, у стабільнасць атрымалася завабіць прыкладна трыццаць тысяч мігрантаў. То бок баланс выходзіць глыбока адмоўны.
І, здавалася б, калі ў вас такі адмоўны баланс, то з чыста практычнага пункту гледжання трэба тэрмінова думаць, як вярнуць тых, хто з’ехаў. Бо інакш у краіне проста не будзе каму працаваць.
А калі ў краіне не будзе каму працаваць, то стабільнасці надоўга не хопіць. Бо губапікі разам з тэлевізарамі працаваць за вас не пойдуць, а есці хочуць рэгулярна.
І вось апошнім часам многія добрыя людзі пачалі казаць, што трэба абмеркаваць са сведкамі стабільнасці, каб беларусы, якія з’ехалі, змаглі вярнуцца назад. То бок зусім бясплатна прапануюць сведкам стабільнасці дапамагчы вырашыць іх кадравую праблему.
І не проста так бясплатна. Добрыя людзі яшчэ і гатовыя самі заплаціць сведкам стабільнасці еўрапейскімі санкцыямі. Праўда, добрыя людзі не спыталі Еўропу, ці гатовая яна заплаціць сваімі санкцыямі, каб хтосьці вырашыў усе свае праблемы. Але цяпер не пра гэта.
Вось, здавалася б, калі вам прапануюць такі прагматычны падыход і яшчэ гатовыя за яго заплаціць, то трэба хапацца за гэтую прапанову ўсімі валокнамі сваёй душы. Ну або таго, што ад яе засталося. Бо добрыя людзі, вядома, яшчэ шмат разоў прапануюць, але хапацца трэба проста цяпер. Чым даўжэй цягнеш, тым менш беларусаў, якія з’ехалі, вернецца.
Ну і што ты думаеш? Стабільнасць адказала на гэтую прапанову ўсімі сваімі тэлевізарамі. І як адказала. Даруй, я звычайна табе такога не цытую, але лепш адзін раз прачытаць уласнымі вачыма, каб не мець ніякіх лішніх ілюзій.
«Вы — бруд пад ботамі маёра. Для вас шлях закрыты канчаткова і беспаваротна, інакш як на каленях, паўзком. Вы — нікчэмнасць і мярзота. На каленях перад мяжой стойце».
Бо пры ўсіх прагматычных падыходах сведкам стабільнасці беларусы, што з’ехалі, не патрэбныя. Тэлевізары і губапікі ўпэўненыя, што насуперак усяму генацыду беларускага народа ім на іх век беларусаў хопіць. (Вядома, не хопіць, але яны ўпэўненыя.) І таму ім з беларусамі няма пра што размаўляць увогуле. Нават з тымі, што засталіся. Не кажучы ўжо пра тых, што з’ехалі.
Бо сведкі стабільнасці разумеюць, што калі беларусы, якія з’ехалі, вернуцца ў таварных колькасцях, дык уся стабільнасць сапсуецца. Нават калі ніхто не будзе псаваць яе наўмысна.
Бо за апошнія пяць гадоў стабільнасць набыла сіндром вострага імунадэфіцыту і здольная функцыянаваць выключна ў стэрыльных умовах. А свая асабістая стабільнасць для яе сведкаў даражэйшая за ўсё астатняе.
Тэлеграм-канал «Лісты да дачкі»