Сям'я Трампа за год зарабіла 1,4 млрд долараў на крыптавалютах
19- 22.01.2026, 9:08
- 4,026
Які цяпер памер маёмасці прэзідэнта ЗША?
Сям'я прэзідэнта ЗША Дональда Трампа усё больш актыўна зарабляе на крыптавалютах, і ўжо каля пятай часткі яе маёмасці звязана з лічбавымі актывамі.
Пра гэта паведамляе Bloomberg.
Па ацэнках агенцтва, сукупны капітал сям'і Трампа складае каля 6,8 млрд долараў, з якіх прыблізна 1,4 млрд долараў прыпадае на крыптавалютныя праекты. Гэта самая вялікая доля лічбавых актываў у структуры сямейнага багацця Трампаў за ўвесь час.
Рост крыптавалютнай складовай забяспечылі некалькі праектаў, звязаных з сям'ёй прэзідэнта ЗША. Сярод іх — World Liberty Financial, дэцэнтралізаваная фінансавая платформа з уласным токенам, а таксама American Bitcoin Corp, кампанія па майнінгу біткойна. Акрамя гэтага, частку даходаў прынеслі мем-койны і іншыя лічбавыя токены, асацыяваныя з імем Трампа.
Bloomberg адзначае, што такі зрух у бок крыптавалют сведчыць пра змену інвестыцыйнай стратэгіі сям'і — ад традыцыйнай нерухомасці, ліцэнзійных здзелак і брэндынгу да высокарызыкоўных лічбавых актываў.
У той жа час агульны аб'ём маёмасці сям'і застаецца адносна стабільным. Рост даходаў ад крыптавалют часткова кампенсаваў страты ў іншых напрамках бізнесу, у прыватнасці падзенне рыначнай вартасці Trump Media & Technology Group, матчынай кампаніі сацсеткі Truth Social.