БПЛА атакавалі марскі порт у Краснадарскім краі РФ: гараць тэрміналы
4- 22.01.2026, 8:17
- 10,790
Пашкоджаныя чатыры рэзервуары з нафтапрадуктамі.
У ноч на 22 студзеня ўдарныя беспілотнікі атакавалі марскі порт «Тамань», размешчаны ў пасёлку Вална Краснадарскага краю РФ, піша «Фокус».
Пад удар трапілі партавыя тэрміналы, паведаміў губернатар рэгіёна Веніямін Кандрацьеў.
«Цяпер на тэрыторыі тэрміналаў — пажар, загарэліся чатыры рэзервуары з нафтапрадуктамі», — напісаў Кандрацьеў.
Пазней у Аператыўным штабе Краснадарскага краю ўдакладнілі, што ў выніку атакі дронаў загінулі трое чалавек, яшчэ васьмёра — пацярпелі.
«Усе пацярпелыя шпіталізаваныя з рознымі траўмамі сярэдняй ступені цяжкасці. Лекары аказваюць неабходную медыцынскую дапамогу», — адзначылі ў аперштабе.
У той жа час тэлеграм-канал «Supernova+» апублікаваў відэа, на якім зафіксаваны момант удару БПЛА па марскім порце.
На момант публікацыі матэрыялу ўкраінскі бок не каментаваў атакі дронаў на порт «Тамань» у пасёлку Вална.