У Канадзе змадэлявалі сцэнар ваеннага ўварвання ЗША
2- 20.01.2026, 23:16
- 1,944
Упершыню за сто гадоў.
У Канадзе ўпершыню за больш чым сто гадоў правялі тэарэтычнае мадэляванне дзеянняў на выпадак магчымага ваеннага ўварвання Злучаных Штатаў Амерыкі.
Пра гэта паведамляе AFP.
Адзначаецца, што пакуль гаворка ідзе пра тэарэтычную мадэль, а не пра рэальны аператыўны план.
Пры мадэляванні планавікі зыходзілі са сцэнару, паводле якога амерыканскія войскі могуць захапіць ключавыя стратэгічныя пазіцыі Канады на сушы і на моры цягам аднаго тыдня, а, магчыма, і ўсяго за некалькі дзён.
Паводле ацэнак чыноўнікаў, Канада не мае дастатковых рэгулярных сіл, а таксама сучаснага ўзбраення для адбіцця поўнамаштабнага нападу ЗША.
Таму тэарэтычны адказ прадугледжвае пераход да метадаў нетрадыцыйнай вайны: выкарыстанне невялікіх груп нерэгулярных сіл або ўзброеных грамадзян, якія будуць ужываць тактыку засад, дыверсій, раптоўных нападаў і задзейнічаць беспілотнікі.
«Канадская мадэль рэагавання засяроджваецца на тактыцы паўстанцкага тыпу, падобнай да той, якая выкарыстоўвалася ў Афганістане байцамі, што супраціўляліся савецкім, а пазней амерыканскім войскам», — гаворыцца ў публікацыі.