Украіна закрые неба сістэмай СПА са штучным інтэлектам
- 20.01.2026, 22:23
- 3,232
WP даведалася пра тэрміны.
Украіна ўжо праз некалькі месяцаў разгорне сістэму супрацьпаветранай абароны з аўтаномнымі ракетамі пад кіраўніцтвам штучнага інтэлекту.
Пра гэта паведамляе The Washington Post.
Выданне са спасылкай на словы міністра абароны Украіны Міхаіла Фёдарава піша, што ўкраінскае неба будзе абараняць новае пакаленне перахопнікаў паветраных мэтаў пад кіраўніцтвам ШІ.
«У нас ёсць дакладны план, як спыніць Расію ў нашым небе», — адзначыў ён.
Адзначаецца, што было падпісана пагадненне з амерыканскай кампаніяй абароннага праграмнага забеспячэння Palantir для стварэння AI-Dataroom. Яна выкарыстоўвае сабраныя Украінай за чатыры гады вайны даныя і выявы для навучання ШІ — ён будзе прадказваць варожыя атакі і накіроўваць аўтаномныя перахопнікі для іх адбіцця.
WP адзначае, што ў выпадку рэалізацыі ініцыятывы паводле плана Украіна ўжо праз шэсць месяцаў будзе мець аснову для агульнанацыянальнай сістэмы аўтаномных ракет СПА.
«Ні адна краіна ў свеце не мае досведу абароны ад авіяўдараў такога маштабу, з якім сутыкаецца Украіна сёння. Вучачыся супрацьдзейнічаць гэтым атакам, Украіна стварае наступнае пакаленне супрацьпаветранай абароны з падтрымкай штучнага інтэлекту», — падкрэсліў кіраўнік Мінабароны.
Выданне піша, што ўкраінскія сродкі СПА павінны быць таннейшымі за беспілотнікі і ракеты краіны-агрэсара. Акрамя таго, яны павінны рэагаваць па ўсёй тэрыторыі Украіны хутчэй за людзей.
Сістэму ШІ навучаць распазнаваць расійскія паветраныя мэты і дакладна наводзіцца на іх. Праграмнае забеспячэнне інтэгруюць з айчыннымі перахопнікамі.